Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Фурманаў, якога забралі з выбарчага пікету разам з крэслам, больш за месяц у штрафным ізалятары


Зьміцер Фурманаў, архіўнае фота
Зьміцер Фурманаў, архіўнае фота

Дзьмітры Фурманаў, якога асудзілі за пікет Ціханоўскай у Горадні, ужо звыш месяца сядзіць у штрафным ізалятары ў калёніі «Віцьба». У канцы кастрычніка ў яго заканчваецца тэрмін зьняволеньня.

Як расказала дзяўчына Фурманава Вольга Каракіна, Дзьмітрыя пакаралі за нейкае парушэньне адразу, калі ён прыехаў у віцебскую калёнію зь СІЗА горадзенскай турмы. Яго этапавалі ў канцы жніўня. Са штрафнога ізалятару гарадзенца меліся выпусьціць 30 верасьня. Аднак у сваякоў ёсьць інфармацыя, што Фурманаў адтуль ня выйшаў. У чым прычына, невядома. Бацька Дзьмітрыя плянуе ехаць на «Віцьбу», каб разабрацца ў сытуацыі.

Дзьмітрыя Фурманава затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. Ён зьбіраў за яе подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезьлі ў міліцыю.

Фурманаў атрымаў два гады калёніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ён некалькі разоў галадаваў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам зь ім пад сьценамі «Валадаркі» галадалі ягоная маці і дзяўчына. Пасьля пераліку тэрміну паводле новага заканадаўства Дзьмітры павінен выйсьці не ў канцы траўня 2022 году, а сёлета ў канцы кастрычніка.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG