Паводле дадзеных Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, з прычыны праходжаньня навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 м/с у краіне адбылося 6 выпадкаў падзеньня дрэваў у Гомельскай вобласьці і 23 у Менскай. Загінуў 1 чалавек — у вёсцы Паўлаўшчына Дзяржынскага раёну Менскай вобласьці дрэва ўпала на жанчыну 1971 году нараджэньня.
На Меншчыне і Гомельшчыне ад стыхіі пацярпелі 18 жылых дамоў, 16 сельскагаспадарчых, 2 культурніцкіх і 1 вытворчы. У Менску непагадзь спрычынілася да парушэньня працы 32 тралейбусных, 37 аўтобусных і 5 трамвайных маршрутаў.
У Гарадзішчы пад Менскам дождж размыў мост цераз раку Менку. Апошні раз такое тут адбылося 30 гадоў таму, у 1991-м.
Пэрыядычна парушалася электразабесьпячэньне 461 населенага пункта, па стане на 6.00 нядзелі застаюцца 50 населеных пунктаў у Віцебскай, Гомельскай, Горадзенскай і Менскай абласьцях заставаліся без электрычнасьці.
На ноч і раніцу 27 чэрвеня ў Беларусі быў абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі: па большай частцы краіны чакаюцца навальніцы, пры навальніцах у асобных раёнах моцныя залевы, шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі да 15-20 м/с. Удзень — жоўты ўзровень небясьпекі, месцамі па краіне чакаюцца навальніцы, моцныя дажджы і ўзмацненьне ветру парывамі да 15-18 м / с. Максымальная тэмпэратура паветра месцамі па ўсходзе складзе + 30°С.