Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разабрацца паводле закону шарыяту». Дапыталі міліцыянта, пасьля падзеньня якога затрымалі Сяргея Ціханоўскага


Уладзімер Казлоўскі 29 траўня ў Горадні
Уладзімер Казлоўскі 29 траўня ў Горадні

Міліцыянт Уладзімер Казлоўскі ў судзе 8 лютага расказаў, чаму падчас пікету 29 траўня ў Горадні падышоў да Ціханоўскага і жанчыны ў леапардавых штанах, а таксама чаму заявіў 8 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.

Што за суд?

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягваецца судовы працэс у так званай «справе Ціханоўскага».

Абвінавачаныя ў справе — Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка і Ўладзімер Кніга — амаль 8 месяцаў знаходзяцца пад вартай. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам для збору подпісаў за Ціханоўскую 29 траўня ў Горадні. Усіх трох вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, Разьнічэнку і Кнігу таксама і ў гвалце над міліцыянтамі.

Пацярпелых чацьвёра: міліцыянты Ленінскага РАУС Горадні Ўладзімер Казлоўскі і Аляксандар Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік.

«Закрыцьцё працэсу выкліча яшчэ большую хвалю»

Міліцыянты Аляксандар Хваленя і Ўладзімер Казлоўскі заявілі хадайніцтва, каб іх дапыталі ў закрытым рэжыме. Яны расказалі, што ў адрас іх і іхных блізкіх сталі паступаць пагрозы празь інтэрнэт, у тым ліку фізычнай расправы. Па адным такім факце ўжо завялі крымінальную справу.

Пацярпелыя міліцыянты Аляксандар Хваленя (у чорнай куртцы) і Ўладзімер Казлоўскі (у сіняй)
Пацярпелыя міліцыянты Аляксандар Хваленя (у чорнай куртцы) і Ўладзімер Казлоўскі (у сіняй)

«Сталі нейкія людзі езьдзіць на аўтамабілях. Стаяць каля пад’езда», — паведаміў Хваленя пра небясьпеку.

Казлоўскі адзначыў, што адразу пасьля інцыдэнту 29 траўня было шмат абразаў і пагрозаў, потым усё супакоілася. Аднак пасьля першага паседжаньня суду ў гэтай справе сёлета 18 студзеня, калі фота зь іхнымі тварамі і прозьвішчы зноў апублікавалі, цкаваньне аднавілася.

Судзьдзя Вольга Бекушава не задаволіла іхнае хадайніцтва. Яна патлумачыла, што абодва міліцыянты раней прысутнічалі на працэсе, не хавалі свае твары, не зьмянялі прозьвішчы. Яна выказала думку, што закрыцьцё працэсу не паўплывае на бясьпеку; наадварот, можа «выклікаць яшчэ большую хвалю».

«Я стаў задыхацца, у мяне перахапіла дыханьне»

Першым дапыталі міліцыянта Ўладзімера Казлоўскага. Ён мае вышэйшую адукацыю, жанаты. Ва ўнутраных органах працуе з 2015 году. На момант інцыдэнту працаваў старшым участковым інспэктарам Ленінскага РАУС Горадні.

Як расказаў Казлоўскі ў судзе, 29 траўня ён з калегам Хваленем ахоўваў парадак на Савецкай плошчы ў «групе тлумачэньня дзейнага заканадаўства». Задача была гаварыць тым, хто сабраўся, пра масачны рэжым, неабходнасьць дыстанцыі, каб не зьбіраліся ў натоўп у эпідэмічнай сытуацыі. У Казлоўскага з сабой быў гумовы дручок, кайданкі, газ «Шок». Ён паведаміў, што інструктаж перад службай у той дзень яму праводзіў начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі, аднак адмовіўся называць ягонае прозьвішча.

Уладзімер Казлоўскі
Уладзімер Казлоўскі

Пэўны час Казлоўскі і Хваленя сачылі за парадкам з адміністрацыйнага будынку на вуліцы Кастрычніцкай. У нейкі момант праз рацыю ім загадалі выйсьці на плошчу. Казлоўскі расказаў, што пачуў жаночыя галасы, і пайшоў у бок гутаркі. Ён убачыў «слоўны канфлікт»: невядомая жанчына ў кепцы з ружовым брыльком, у мэдычнай масцы і леапардавых штанах задавала пытаньні Сяргею Ціханоўскаму, а той не хацеў адказваць. Жанчына так і засталася невядомай, Казлоўскі не пасьпеў запісаць ейныя дадзеныя.

«Як вы зразумелі, што гэта Ціханоўскі?» — удакладніў пазьней пракурор.

Казлоўскі адказаў, што ведаў блогера па службе, бо раней знаходзіўся на адміністрацыйным судзе над іншым чалавекам, які наведаў сустрэчу зь Ціханоўскім ў Горадні. Адметнымі рысамі Ціханоўскага пацярпелы міліцыянт назваў майку і кепку з надпісам «Страна для жизни» і вялікі тэпаць у руцэ.

Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Мысьлівец
Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Мысьлівец

Казлоўскі выслухаў меркаваньне жанчыны ў кепцы, а потым вырашыў паслухаць Ціханоўскага. Аднак убачыў, як той «адступае назад, спрабуючы схавацца ў натоўпе».

«Каб зьвярнуць на сябе ўвагу, я ўзяў яго за руку», — працягнуў аповед міліцыянт.

Пасьля гэтага ён пачуў крыкі, натоўп вакол яго стаў сьціскацца, Ціханоўскі выхапіў руку. Казлоўскі па рацыі выклікаў дапамогу. Потым адчуў удар у скронь.

«Я адчуў, што стаў губляць раўнавагу, мяне стала цягнуць назад. Я адчуў удар у жывот пад рэбры. Я стаў задыхацца, у мяне перахапіла дыханьне», — расказаў Казлоўскі ў судзе.

Калі ён апынуся на зямлі, то ўбачыў за сабой каржакаватага мужчыну ў скураной куртцы і цёмнай кепцы. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Яўгена Разьнічэнку вінавацяць у гэтым эпізодзе як гвалце ў дачыненьні да міліцыянта.

Казлоўскі прыгадаў, што натоўп вакол яго разышоўся, а горадзенскі актывіст Мікалай Салянік падышоў да яго з мэгафонам і сказаў: «Людзі, не паддавайцеся на правакацыі. Гэта правакацыя» і па-іншаму высьмейваў службоўца.

Казлоўскаму дапамаглі падняцца людзі побач. У выніку інцыдэнту ў яго аказаўся адарваным нарукаўны шаўрон, а таксама былі пашкоджаныя новыя службовыя туфлі: «скура зьлізаная, счасаная». Яго шпіталізавалі з траўмай жывата.

Міліцыянт сядзіць на лаве пасьля інцыдэнту на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Фота: HrodnaLife
Міліцыянт сядзіць на лаве пасьля інцыдэнту на Савецкай плошчы ў Горадні 29 траўня. Фота: HrodnaLife

«Затрымліваць ніхто нікога не спрабаваў. Хацелі зьвярнуць на сябе ўвагу», — патлумачыў свае намеры ў дачыненьні да Ціханоўскага Казлоўскі.

«Да яго зьвяртаецца прадстаўнік улады»

Пацярпелы міліцыянт ня раз падчас працэсу адзначаў, што ў дзеяньнях Ціханоўскага не было ніякага правапарушэньня, зь ім хацелі проста пагаварыць.

— Па Ціханоўскім было відаць, што ён ня хоча размаўляць з жанчынай у кепцы? — запытаўся ў Казлоўскага адвакат Фурманава Вадзім Мушынскі.

— Я ў яго не пытаўся...

— На той момант было відаць?

— Не.

— Скажыце, калі ласка, нейкія законныя патрабаваньні з вашага боку Ціханоўскаму прад’яўляліся?

— Растлумачце гэтае пытаньне, — не зразумеў Казлоўскі.

— З вашага боку, як прадстаўніка ўлады, якія-небудзь законныя патрабаваньні прад’яўляліся Ціханоўскаму?

— Якія законныя патрабаваньні?

— Я ж у вас пытаюся, прад’яўляліся або не?

— Што вы канкрэтна маеце на ўвазе?

— Вы, як супрацоўнік міліцыі, падыходзіце да грамадзянаў, спрабуеце нешта высьветліць... Канкрэтна Ціханоўскаму нешта гаварылася кшталту «Прад’явіце дакумэнты» або «Прайдзіце са мной», нешта падобнае было?

— Я зьвяртаўся.

— Дзеля чаго?

— Я ж ужо адказваў...

— Ці можна разглядаць гэты зварот як законнае патрабаваньне? Што вы патрабавалі ад Ціханоўскага?

— Разабрацца ў сытуацыі... Спыніцца.

— Дзеля чаго?

— Каб пагаварыць.

— Вы сказалі, што Ціханоўскі не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў. Для чаго было...

— У нас супрацоўнікі міліцыі размаўляюць з грамадзянамі, толькі калі яны нешта ўчыняюць? — абурана запытаўся Казлоўскі.

— Добра. Скажыце, калі ласка, ці абавязаны быў Ціханоўскі спыніцца і размаўляць з вамі? — працягнуў Мушынскі.

— Да яго зьвяртаецца прадстаўнік улады...

— Ці абавязаны ён быў спыняцца і размаўляць з вамі?

— Ён абавязаны быў выканаць законнае патрабаваньне.

— Якое законнае патрабаваньне?

— Спыніцца...

— У вашым разуменьні Ціханоўскі абавязаны быў адказваць на пытаньні гэтай жанчыны? — удакладніла адвакатка Кнігі Сьвятлана Гарбаток.

— У нашым разуменьні супрацоўніку міліцыі трэба не дапусьціць нейкай канфліктнай сытуацыі, — адказаў Казлоўскі.

— Не, вы адкажыце на маё канкрэтнае пытаньне. Павінен быў?

— Ня ведаю.

Адвакатка Сьвятлана Гарбаток і падабаронны Ўладзімер Кніга, архіўнае фота
Адвакатка Сьвятлана Гарбаток і падабаронны Ўладзімер Кніга, архіўнае фота

Зь пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, што пасьля таго, як Казлоўскі упаў, да яго падышоў журналіст Руслан Кулевіч. Ён вёў стрым зь месца падзей, сказаў, што міліцыянт сам упаў, зрабіў фота Казлоўскага. У пазове пацярпелы прасіў прыцягнуць да адказнасьці таксама журналіста Кулевіча.

— Падсумуем. Вы казалі, што канфлікт трэба было заглушыць, каб ён, барані Божа, не прывёў да нечага маштабнага, масавага. Калі вы там знаходзіліся на месцы, ці вы не разглядалі ў якасьці магчымага дзеяньня для спыненьня канфлікту проста даць Ціханоўскаму адысьці ад гэтай жанчыны на бясьпечную адлегласьць? Усяго толькі, — запыталася ў канцы паседжаньня судзьдзя Вольга Бекушава.

— Такое пытаньне разглядалася. Але праз тое, што канфлікт у іх ужо ўзьнік каля крамы «Ратушная», потым ён перамясьціўся ў іншае месца. Тое, што ён спыніцца сам па сабе, гэты канфлікт...

— Што значыць «каля „Ратушнай“, а потым...»?

— Як я зразумеў, у жанчыны ў кепцы зь леапардавымі штанамі ўжо адбываўся канфлікт, яна прыставала. То бок ён адбываўся з аднаго боку алеі, потым перамясьціўся ў іншы бок. Дзе гарантыя, што яна ня будзе яго так перасьледаваць?

— Чаму ў гэтай сытуацыі вы ўсё ж больш увагі ўдзялілі фігуры Ціханоўскага, а не грамадзянцы з ружовым брылём?

— Ня тое што належнай увагі... Нікому не пасьпеў удзяліць належнай увагі. Паспрабаваў спыніць, каб разабрацца ў сутнасьці. Вось і ўсё.

— Вы казалі, што спрабавалі вырашыць канфлікт. Што, як вы бачылі, мусіў быў зрабіць Ціханоўскі дзеля вырашэньня канфлікту? Вы плянавалі яго прымусіць адказваць на пытаньні? — далучылася да допыту адвакатка Гарбаток.

— Проста пагаварыць, высьветліць ягоны пункт гледжаньня, — адказаў Казлоўскі.

— Навошта? Як бы гэта дапамагло вырашыць канфлікт?

— Разабрацца ў сытуацыі, — паўтарыў міліцыянт.

«Прыходзяць пагрозы фізычнай расправы»

Казлоўскі патлумачыў у судзе, чаму заявіў Разьнічэнку кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры менавіта 8 тысяч рублёў.

«Глядзіце, сярэднемесячны заробак — 1000 рублёў», — пачаў Казлоўскі, але не ўдакладніў, ці гэта ягоны сярэдні заробак, ці ўвогуле для беларусаў, на яго думку.

Ён расказаў, што за апошнія амаль 8 месяцаў у адрас ягоных блізкіх прыходзяць пагрозы фізычнай расправы, «разабрацца па законе шарыяту», абразы. Ягоная жонка зьвярталася да псыхоляга. На пытаньне адвакаткі Разьнічэнкі Тацяны Лішанок, як ейны падабаронны адказвае за пагрозы ў інтэрнэце, Казлоўскі адказаў, што цкаваньне пачалося менавіта пасьля падзеяў 29 траўня.

Ён адзначыў, што на бальнічным правёў тыдзень. Дагэтуль са службы ня звольніўся.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG