Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына дазволіла публікаваць фота запоўненых бюлетэняў пасьля 20 гадзін 9 жніўня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Старшыня ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына ў размове з «Эўрарадыё» 17 ліпеня выказала сваю думку пра фатаграфаваньне запоўненых выбарчых бюлетэняў.

Такая практыка забароненая ў некаторых краінах, у тым ліку ва Ўкраіне, Канадзе, ЗША і Паўднёвай Афрыцы, але не рэгулюецца Выбарчым кодэксам Беларусі. У некаторых краінах фатаграфаваньне бюлетэняў зьвязваюць з магчымым подкупам выбарнікаў — фота могуць выкарыстоўваць як доказ «правільнага» галасаваньня. У іншых краінах фота дазваляюць у некамэрцыйных мэтах, калі яно не накіравана на парушэньне тайны галасаваньня.

На думку Лідзіі Ярмошынай, у Беларусі можна законна фатаграфаваць бюлетэні і рабіць сэлфі (летась яна казала, што без дазволу нельга), але публікаваць здымкі бюлетэняў нельга, пакуль ідзе галасаваньне.

«Рэч у тым, што пакуль ідзе дзень выбараў, гэта значыць 9 жніўня, да 20 гадзін гэтага рабіць нельга. У сілу таго, што гэта ўжо агітацыя. А агітацыя ў дзень выбараў забароненая», — растлумачыла яна.

Якое пакараньне можа чакаць тых, хто апублікуе фота бюлетэня падчас галасаваньня, Ярмошына не ўдакладніла.

«Ціханоўскі небясьпечны для грамадзтва»

Ярмошына таксама заявіла ў эфіры «Эўрарадыё», што ня стане забіраць сваю заяву на Сяргея Ціханоўскага, зьняволенага блогера, прызнанага палітвязьнем, і мужа кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай.

«Гэты чалавек небясьпечны і для дзяржавы, і для грамадзтва, — сказала Ярмошына. — І не па маёй заяве, але і па тых дзеяньнях, якія ён рабіў. Я думаю, грамадзтва гэта ўбачыць, калі будзе ісьці суд».

На паседжаньні ЦВК 4 чэрвеня Лідзія Ярмошына паведаміла, што папрасіла Сьледчы камітэт праверыць, ці няма ў выказваньнях Ціханоўскага пагрозы ў яе адрас — яна пачула, што яе хочуць «прыстукнуць». Пазьней яе прызналі пацярпелай у рамках крымінальнай «справы Ціханоўскага».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG