Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністратарку чату «Страны для жизни» выклікалі ў пастарунак за абразу міліцыянта ў сацсетках


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адміністратарку чату «Страны для жизни» у Менску Юлію Гаўрылаву выклікалі ў міліцыю для размовы. Пасьля міліцыянты правялі агляд яе кватэры. Падставай стала нібыта абраза супрацоўніка міліцыі зь Берасьцейскай вобласьці.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Юлія Гаўрылава расказала карэспандэнту Свабоды, што напісала камэнтар у адрас аднаго зь міліцыянтаў, які ўдзельнічаў у затрыманьнях у Ганцавічах 20 чэрвеня.

«У сацсетках далі інфармацыю і спасылку на старонку міліцыянта, які ў гэтым браў удзел. І я па злосьці напісала яму, што ён „прадажны фашыст“. І ён на мяне, я так разумею, напісаў заяву», — сказала Юлія.

Юлія Гаўрылава прызнае, што яна так выказалася ў сувязі з падзеямі, якія адбываюцца ва ўсіх гарадах Беларусі.

«Гэта такое беззаконьне, затрымліваюць, б'юць, а на відэа з Ганцавічаў я бачыла, як „круцілі“ людзей, — кажа яна. — І я са злосьці, на эмоцыях напісала таму, хто ўдзельнічаў у гэтых дзеяньнях. Я маю рацыю, я кажу толькі пра дзеяньні супрацоўніка міліцыі, а не пра асобу».

Юлія Гаўрылава кажа, што выклікалі яе ў міліцыю «вельмі дзіўна, тэлефанавалі з раніцы, не называліся, не тлумачылі, у чым прычына, позвы не было».

«Яны сказалі, што гэта будзе проста размова», — дадала яна.

Калі Юлія прыйшла ў Маскоўскі РУУС, ёй паказалі дзьве пастановы пра вывучэньне яе тэлефона і агляд кватэры.

Міліцыянты сфатаграфавалі яе праграмы ў тэлефоне, старонку «УКантакце». Потым паехалі ў кватэру, дзе зрабілі некалькі фатаздымкаў. Міліцыянты ўзялі дзьвюх суседак у якасьці панятых.

«Калі суседка спыталася, дык а што будзе, яны сказалі, калі чалавек прызнаўся, нібыта як раскайваецца, то гэта папярэджаньне. Але асабіста мне яны нічога не казалі, ніякіх папер не пакінулі. Што будзе далей, я ня ведаю», — сказала Юлія.

Юлія Гаўрылава зьвярнулася па дапамогу ў незарэгістраваны праваабарончы цэнтар «Вясна».

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
  • З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
  • ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG