15 чэрвеня міліцыя затрымала каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай у Наваполацку Яўгена Вільскага.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Актывіст паведаміў праваабаронцам, што яго затрымалі раніцай каля аўтамабіля. У міліцыі на Яўгена Вільскага склалі адразу тры адміністрацыйныя пратаколы, пасьля чаго адпусьцілі. Суд прызначылі на 25 чэрвеня.
Тым часам 60-гадовы сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай Алег Баброўскі, якага затрымалі 7 чэрвеня і арыштавалі на 20 дзён, аб’явіў галадаваньне. Пра гэта ягонай маці паведаміў адзін з тых, хто сядзеў зь ім у цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Бацька Баброўскага пасьля арышту сына зьлёг і знаходзіцца ў цяжкім стане. Перадачу ад маці ў ізалятары не ўзялі.
За кратамі знаходзяцца і іншыя сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Блогеру «Краіны для жыцьця» Сяргею Ціханоўскаму, Аляксандру Арановічу, Арцёму Сакаву, Васілю Баброўскаму, Вяргілію Ушаку, Дзьмітрыю Фурманаву, Уладзімеру Навуміку, Яўгену Разьнічэнку, Уладзімеру Кнізе, Андрэю Новікаву выставілі абвінавачаньні ў злачынстве паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Усе яны знаходзяцца ў менскім СІЗА № 1.
У менскім ІЧУ (турме на Акрэсьціна) застаюцца пад 15-дзённым арыштам фэрмэр з Мазыра Аляксандар Вянгура, блогер каналу «Мазыр для жыцьця» Аляксандар Цуканаў і яго калега Дзяніс Колас, а таксама мадэратар сацсетак «Краіны для жыцьця», грамадзянін Расеі Дзьмітры Папоў.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.