10 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе прайшло судовае паседжаньне па апэляцыйнай скарзе блогера Сяргея Ціханоўскага, якую ён падаў яшчэ ў траўні, пасьля аднаго з адміністрацыйных працэсаў, калі яму далі чарговыя 15 сутак арышту, паведамляе Tut.by.
Паколькі цяпер Сяргей Ціханоўскі абвінавачаны па крымінальнай справе, ён удзельнічаў у працэсе па відэасувязі зь СІЗА. На пасяджэньне зь Менску прыехала яго жонка Сьвятлана, таксама прыйшла маці Сафія Яфрэмаўна.
«Адбываецца запалохваньне людзей». Што Ціханоўскі казаў на судзе
Судзьдзя Аляксандар Сужаеў размаўляў з блогерам праз манітор. Ён паказаў Ціханоўскаму важкі альбом з мноствам фатаздымкаў зь месцаў сустрэч блогера зь людзьмі і сказаў, што на фота — людзі зь лёзунгамі і плякатамі.
«У мяне ніякіх лёзунгаў і плякатаў не было. Гэта быў ня мітынг, а інтэрвію», — адказаў Ціханоўскі.
Судзьдзя сказаў, што там «былі людзі, плякаты, сымболіка, выказваньні — што яшчэ неабходна, па-вашаму, каб гэта прызнаць мітынгам?».
«Я запісваў інтэрвію. Інтэрвію! Падыходжу да чалавека зь мікрафонам, пытаюся ў яго: „Як жывецца ў Воршы?“ — „Кепска“. Пытаюся: „Якая зарплата?“ — „Вельмі маленькая“. Ну, і далей абмяркоўваем праблемы, якія трэба ўсім вырашыць, каб пабудаваць краіну для жыцьця. Як гэта можна назваць мітынгам? У мяне ў галаве ня ўкладваецца. Чаму тады чаргу ў краме, дзе людзі стаяць і таксама скардзяцца на тое, як дрэнна жывецца ў краіне, не называюць мітынгам?» — спытаўся ў адказ Ціханоўскі.
Ціханоўскі абурыўся, што за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве асудзілі ня толькі яго, але і тых, хто хацеў зь ім сустрэцца.
«Ім цікавы я як мэдыйная асоба, але я ў шоку, што гэтых людзей цяпер асуджаюць, даюць ім суткі. Лічу, усё гэта робіцца выключна з палітычных матываў. Адбываецца запалохваньне людзей», — заявіў блогер.
Судзьдзя перапыніў яго і папрасіў гаварыць «па сутнасьці». На што Ціханоўскі папрасіў адмяніць ранейшае рашэньне суду Савецкага раёну і спыніць вытворчасьць па справе.
Судзьдзя пайшоў у дарадчы пакой і праз 5 хвілін вынес рашэньне: пакінуць апэляцыю Ціханоўскага без задавальненьня. На думку суду, Ціханоўскі «ня толькі інтэрвіюяваў удзельнікаў, але і сам выказваўся пра палітычныя падзеі ў кантэксьце мітынгаў», а правядзеньне мітынгаў зь мясцовай уладай не ўзгаднялася.
Які прысуд абскарджваў блогер
18 траўня суд Савецкага раёну Гомля за мітынгі 18 сакавіка ў Воршы і 12 красавіка ў Берасьці асудзіў Сяргея Ціханоўскага на чарговыя 15 сутак арышту. Тады Сяргей Ціханоўскі падаў апэляцыйную скаргу ў суд вышэйшай інстанцыі, у якой пазначыў, што рэалізоўваў канстытуцыйнае права на свабоду правядзеньня масавых мерапрыемстваў і што, на яго думку, суд няправільна зразумеў закон і не прыняў да ўвагі Канстытуцыю Беларусі.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.