Сьледчы камітэт паведаміў, паводле якога артыкулу абвінавачваюць блогера Сяргея Ціханоўскага і яшчэ семярых затрыманых: «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».
Раніцай 9 чэрвеня СК выступіў з афіцыйнай заявай у справе кіраўніка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага. У ёй упершыню тлумачыцца, у чым абвінавачваюць блогера.
«Паводле зьвестак сьледзтва, 29 траўня ў час пікету па зборы подпісаў у Гродне было арганізавана правядзеньне незаконнага грамадзкага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога ўчынены групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням міліцыі, — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту. — У выніку гэтых дзеяньняў пацярпелі два супрацоўнікі органаў унутраных справаў. Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам прад'явілі абвінавачаньне паводле ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) Крымінальнага кодэксу Беларусі, дзеяньні аднаго зь іх дадаткова кваліфікаваныя сьледзтвам паводле арт. 364 (гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэксу Беларусі».
Праваабаронца і юрыст незарэгістраванага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у размове са Свабодай пракамэнтаваў гэтую навіну.
«Апошні раз гэты артыкул Крымінальнага кодэксу прымянялі ў 2010 годзе, — сказаў Стэфановіч. — Тады частку арыштаваных абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, а частку паводле больш мяккага артыкулу, акурат 342-га. Групавыя дзеяньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў, зьвязаныя зь непадпарадкаваньнем міліцыі, якія пацягнулі за сабой спыненьне працы транспарту і іншае. Праўда, тады не было зразумела, як яны падзялялі адказнасьць. Хто арганізоўваў масавыя беспарадкі, а хто групавыя дзеяньні, якія парушылі грамадзкі парадак. Так і засталося гэта незразумелым».
Па словах Валянціна Стэфановіча, паводле 342-га артыкулу ў Беларусі асудзілі Паўла Севярынца, Міколу Статкевіча і шэраг іншых вядомых у апазыцыйных колах асобаў.
«342-гі артыкул мае слаўную гісторыю ў Беларусі, яго раней даволі часта выкарыстоўвалі, — расказвае праваабаронца. — Менавіта ў палітычных мэтах. У 2004 годзе Севярынца і Статкевіча асудзілі паводле яго пасьля шэрагу дэманстрацый супраць рэфэрэндуму аб зьменах у Канстытуцыю. Клімаў у свой час быў асуджаны паводле гэтага артыкулу.
Так званая „справа 13“ па ім жа праходзіла, калі шэраг прадпрымальнікаў і актывістаў асудзілі ў ёй. Сярод іх быў Аляксандар Баразенка і іншыя.
Сам артыкул, у прынцыпе, не адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Па частцы 1 там максымальны тэрмін — тры гады. Але гэта дазваляе трымаць людзей пад вартай. Гэты артыкул таксама прадугледжвае пакараньне штрафам, абмежаваньнем волі».
На думку праваабаронцы, абвінавачваньне Сяргея Ціханоўскага менавіта па частцы 1 артыкулу 342 сьведчыць, што ў сьледчых не знайшлося доказаў больш сур’ёзнага злачынства. Юрыст гаворыць, што можна спадзявацца на магчымае вызваленьне блогера і яго каманды пасьля правядзеньня выбараў.
«Фактычна гэта азначае, што абвінавачаньне вытхнулася, — кажа Валянцін Стэфановіч. — Даказаць групавыя дзеяньні ў выпадку Ціханоўскага будзе вельмі цяжка, ён арганізоўваў пікет для збору подпісаў. Паглядзім, як далей будуць разгортвацца падзеі. Я дапускаю, што ў пасьлявыбарчы пэрыяд могуць усіх павызваляць, а справы закрыць. Як гэта было ў 2017 годзе (справа «Белага легіёну». – РС)».
З паведамленьня Сьледчага камітэту таксама вынікае, што пасьля інцыдэнту ў Горадні траўмы атрымаў не адзін, а два міліцыянты. Падрабязнасьцяў пра другі інцыдэнт пакуль няма.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.