Трох жыхароў Мазыра — Аляксандра Цуканава, Дзяніса Коласа і Аляксандра Вянгуру асудзілі на 15 сутак арышту.
«Прычым таемна, я суткі шукала мужа, які пайшоў у міліцыю забраць свой ноўтбук і ня выйшаў адтуль! Мне ў міліцыі адказвалі, што нічога ня ведаюць! Толькі сёньня я даведалася ў судзе, што Сашу далі 15 сутак, як і Дзянісу, і другому Аляксандру», — сказала Свабодзе Ірына, жонка фэрмэра Аляксандра Вянгуры.
Паводле Ірыны, яе мужу далі 15 сутак нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі і дробнае хуліганства. «Дзе ён гэта зьдзейсьніў? У міліцыі, куды пайшоў забіраць свой ноўтбук?» — пытаецца жонка Аляксандра.
Паводле якіх артыкулаў былі асуджаныя Дзяніс Колас і Аляксандар Цуканаў, пакуль невядома.
Два дні таму ў Вянгуры прайшоў ператрус.
«Наляцелі можа 18 чалавек, сярод ночы! Перавярнулі хату дагары нагамі, тэрор быў страшны», — расказваў Свабодзе фэрмэр.
Тады міліцыя шукала ў яго Дзяніса Папова — паплечніка Сяргея Ціханоўскага. Пазьней Дзяніс Папоў быў затрыманы. На якой падставе — невядома.
Дзяніса Коласа міліцыя затрымала 5 чэрвеня, калі ён вяртаўся зь сям’ёй з пахаваньня. Аўтамабіль спынілі супрацоўнікі ДАІ. Па словах Марыны, жонкі Дзяніса, яны казалі, што трэба паехаць у РАУС для высьвятленьня асобы. Адтуль ён ня выйшаў. У Мазыры 5 чэрвеня затрымалі і Аляксандра Цуканава — адміністратара суполак «Мозырь для жизни». Ён толькі нядаўна вызваліўся з ІЧУ, дзе адбыў 25 сутак.
Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.