Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія дзеячы патрабуюць ад уладаў нарэшце ўстанавіць мэмарыяльную дошку ў гонар БНР 


Мэмарыяльная дошка ў гонар БНР
Мэмарыяльная дошка ў гонар БНР

Напярэдадні 102-х угодкаў з дня абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі шэраг палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў запатрабавалі ад уладаў усталяваць у Менску мэмарыяльную шыльду, вырабленую два гады таму.

Адпаведная заява накіраваная на імя кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігара Сергеенкі, паведамляе БелаПАН.

Аўтары нагадваюць, што падчас сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР быў пастаўлены мэмарыяльны знак у гонар ідэолягаў беларускага адраджэньня Івана і Антона Луцкевічаў, а таксама арганізавана сьвята на пляцоўцы каля опэрнага тэатру.

«Аднак трэба сказаць і пра нэгатыў, які азмрочвае гэтую падзею, — гаворыцца ў заяве. — Памятны камень братам Луцкевічам зьявіўся побач з грамадзкай прыбіральняй, а гэта павінны былі бачыць і скульптар, і архітэктар помніка, і замоўнік — Менгарвыканкам».

Падпісанты адзначаюць, што найважнейшай ініцыятывай аргкамітэту стала мэмарыяльная дошка ў гонар абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі на доме № 9 па вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе адбывалася тая гістарычная падзея. Але, насуперак абяцаньням, адкрыцьця так і не адбылася.

«Сёньня ўсе разважаюць пра незалежнасьць Беларусі, але гэтыя словы прамаўляюцца без аніякага сэнсу. Гэтая рыторыка гучыць на фоне культу Леніна, Сьвярдлова, Калініна, Валадарскага, Мясьнікова, Кнорына і сотняў іншых бальшавіцкіх правадыроў, якія ў 1918–1941 гадах учынілі ў Беларусі тэрор; амаль усе арганізатары БНР былі фізычна зьнішчаныя. І мы павінны жыць і хадзіць па вуліцах, плошчах, завулках, названых імёнамі катаў нашага народу», — пішуць прадстаўнікі грамадзкасьці.

Напярэдадні чарговай гадавіны абвяшчэньня БНР яны патрабуюць ад Менгарвыканкаму нарэшце ўстанавіць 25 сакавіка мэмарыяльную дошку, а самой вуліцы Валадарскага даць імя братоў Луцкевічаў.

Подпісы пад зваротам да кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі паставілі акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі, сябра Беларускага саюзу мастакоў Мікола Купава, сьвятар і краязнавец Леанід Акаловіч, старшыня фонду «Сакавік» Марыя Міцкевіч, філёляг і выкладчык Лявон Баршчэўскі, бібліёграф Валеры Герасімаў, палітоляг Алесь Лагвінец ды іншыя.

Памятную дошку ў гонар 100-годзьдзя БНР вырабілі два гады таму за сродкі, якія сабралі талакой за некалькі гадзін. Яна выраблена з бронзы скульптарам Ігарам Засімовічам на аснове арыгіналу, створанага ў 1993 годзе Алесем Шатэрнікам.

Спачатку Менгарвыканкам станоўча паставіўся да ідэі мэмарыялізацыі абвяшчэньня незалежнасьці БНР, аднак пазьней там патлумачылі, што ў адрас уладаў паступіў шэраг зваротаў ад грамадзянаў «з нэгатыўным стаўленьнем да пытаньня ўстаноўкі памятнай дошкі па вуліцы Валадарскага, 9».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG