За тур да заканчэньня чэмпіянату Беларусі па футболе здарылася сэнсацыя: «Дынама» зь Берасьця паклала канец бесьперапыннай 13-гадовай гегемоніі барысаўскага БАТЭ і ўпершыню ў гісторыі заваявала чэмпіёнскі тытул.
24 лістапада на стадыёне «Берасьцейскі» гаспадары зь мінімальным лікам 1:0 адолелі «Віцебск». Гэтага было дастаткова для агульнай перамогі па выніках сэзону.
Свабода расказвае пра адзін з самых цікавых сэзонаў у найвышэйшай лізе нацыянальнага футбольнага першынства.
Біяграфія чэмпіёна
Футбольны клюб у Берасьці заснаваны ў 1960 годзе пад назвай «Спартак». Затым быў перайменаваны ў «Буг», а ў 1976-м перайшоў у дынамаўскую структуру. За савецкім часам каманда гуляла ў мінорных дывізіёнах — 2-й і 3-й лігах.
Ад пачатку 1990-х каманда ўдзельнічае ў сувэрэнным чэмпіянаце і зьяўляецца адным з чатырох калектываў, якія ніводнага разу не выляталі з эліты.
Дагэтуль найлепшым вынікам «Дынама» былі бронзавыя ўзнагароды, заваяваныя ў першым сэзоне 1992 году, потым вышэй за чацьвёртае месца каманда не ўздымалася. Пераломным стаў 2019-ы: выхаванцы чэскага спэцыяліста Марцэла Лічкі спынілі эпоху Барысава, які ад 2006-га нязьменна фінішаваў на першай пазыцыі.
Берасьце — лідэр па наведвальнасьці матчаў заўзятарамі, як кажа статыстыка за 2018 год, і, мяркуючы па ўсім, паўторыць посьпех сёлета — на 10-тысячнай арэне практычна заўсёды аншляг.
Пагроза ліквідацыі
Некалькі гадоў таму перад берасьцейцамі замаячыла рэальная пагроза або паніжэньня ў клясе, або поўнай ліквідацыі.
Чатыры сэзоны запар — ад 2013-га да 2016-га ўключна — «Дынама» не атрымлівала зь першага разу ліцэнзію на ўдзел у чэмпіянаце Беларусі. Прычына — вялікая запазычанасьць перад іншымі камандамі, падатковай інспэкцыяй і ўласнымі футбалістамі.
Для арганізацыі трансьляцый кубкавага матчу адміністрацыя клюбу мусіла пазычаць 3G мадэм. Дайшло да таго, што заўзятары скідваліся на новую форму для гульцоў. Каб пагасіць даўгі, кіраўніцтва выстаўляла на продаж офіс і гараж, але ахвотных набыць іх не знайшлося. На гэтым фоне зьявіліся чуткі, што «Дынама» будзе вымушана пачаць з нуля ў найніжэйшай, другой лізе.
Чароўная рэінкарнацыя
Перад сэзонам 2017 году «Дынама» пачало супрацу з кампаніяй Sohra Overseas, зарэгістраванай у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Падрабязнасьці зьдзелкі не агучваліся, у мэдыях фігуравалі толькі загадкавыя шэйхі. Кіраўніцтва падпісала адразу дзевяць футбалістаў, у тым ліку эпатажнага Арцёма Мілеўскага, каманда правяла міжнародныя спарынгі, быў створаны фарм-клюб «Рух». На пасаду прэсавай сакратаркі запрасілі «Міс Беларусь-2008» Вольгу Хіжынкову.
Летась берасьцейцы сталі ледзь не галоўнымі ньюсмэйкерамі футбольнага сьвету: на каманду, якая была на мяжы банкруцтва, з падачы ўсё тых жа віртуальных шэйхаў паклаў вока легендарны футбаліст і нерэалізаваны трэнэр Дыега Марадона. Пасьля чэмпіянату сьвету ў Расеі ён наведаўся ў Берасьце і паабяцаў стварыць каманду міжнароднага ўзроўню. Праўда, на гэтым інтарэс скончыўся, хоць фармальна ён дагэтуль лічыцца ганаровым старшынём праўленьня.
У той жа час выйшаў зь ценю рэальны чалавек, зь якім асацыююць посьпехі мясцовай каманды — бізнэсовец Аляксандар Зайцаў, блізкі да сям’і Аляксандра Лукашэнкі. Ён мае эксклюзіўныя правы на пастаўкі беларускай прадукцыі ў краіны Пэрсыдзкай затокі, дзе любіць адпачываць Аляксандар Лукашэнка з сынамі.
Зайцаў адразу стаў знакавай фігурай у белфутболе: ён сварыцца з кіраўніцтвам фэдэрацыі за трансфэры, пагражае сысьці ў замежны чэмпіянат, а цяпер апантана прасоўвае ідэю Прафэсійнай футбольнай лігі.
Прабуксоўка БАТЭ
У актыве БАТЭ з Барысава 15 чэмпіёнскіх тытулаў, 13 зь іх здабытыя за пэрыяд ад 2006 году. Галоўны натхняльнік барысаўскіх перамог — бізнэсовец Анатоль Капскі, якога адмыслоўцы называюць непераўзыдзеным мэнэджэрам беларускага футболу.
Летась 22 верасьня Капскі памёр ад працяглай хваробы, яму было ўсяго 53 гады. Або гэтая страта так моцна адбілася на калектыве, або гульцы і трэнэры проста «павыгаралі» ад шматгадовага ціску, аднак сёлетні сэзон не занясеш у актыў.
Каманда бязвольна стартавала ў адборачных турах Лігі чэмпіёнаў, а пасьля і Лігі Эўропы, страціўшы магчымасьць эўракубкавай восені. Дый цягам унутранага першынства барысаўцы не дэманстравалі гульні, якой вымагае статус чэмпіёна. Ня факт, што па такім настроі ў наступным сэзоне ўдасца зачапіцца нават за тройку, атрымаўшы права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
На гадавіну сьмерці Анатоля Капскага спартовая грамадзкасьць распачала кампанію ўшанаваньня памяці кіраўніка клюбу — у прыватнасьці, просяць назваць ягоным імем «Барысаў-Арэну». Аднак мясцовыя ўлады ініцыятыву ігнаруюць. У супрацьвагу інэртнасьці ўжо выступіў Аляксандар Зайцаў, які заявіў: калі гэта не патрэбна Барысаву, «Капскі-Арэна» зьявіцца ў Берасьці.
Нічыйнае «Дынама» (Менск)
Шлях у сувэрэнным чэмпіянаце Беларусі менскія дынамаўцы пачалі ў рангу «цяжкавагавікоў» — пераможцы і прызэры саюзнага першынства, удзельнікі Кубка чэмпіёнаў і Кубка УЭФА былі на галаву вышэйшыя за аматарскія калектывы.
Пяць разоў запар у 1992–1995 гадах менчукі без праблемаў разьбіраліся з супернікамі і заваёўвалі залатыя мэдалі. Але мацнейшыя гульцы пачалі сыходзіць на спачын ці зьяжджаць у замежныя чэмпіянаты, тэмп прыпыніўся. Другая прыступка ў 1996-м зьмянілася чэмпіёнствам 1997 году, апошні раз на найвышэйшую прыступку «Дынама» ўзьнялося ў 2004-м.
Ад канца 1990-х уладальнікам клюбу стаў Юры Чыж, заснавальнік шматпрофільнай кампаніі «Трайпл». Бізнэсовец меў доступ ва ўладныя кабінэты, гуляў у хакейнай камандзе Аляксандра Лукашэнкі. Ягоная кадэнцыя запомнілася перадусім «трэнэрскай ліхаманкай» — настаўнікі на мастку зьмяніліся некалькі разоў за сэзон. За выключэньнем чэмпіёнства ў сярэдзіне нулявых, каманда ў лепшым выпадку змагалася за тройку.
У 2016-м Чыжа затрымалі за нясплату падаткаў у асабліва буйным памеры, каманда атрымала фінансавую прабоіну. Сёлета ў сакавіку Эканамічны суд Менску пазбавіў прадпрымальніка кантрольнага пакету акцый «Дынама» і перадаў яго Менгарвыканкаму.
Гарадзкія ўлады намагаюцца перакласьці «пачэснае інвэставаньне» на прыватныя структуры: былі спробы падключыць да гэтага ІТ-кампаніі з Парку высокіх тэхналёгій, аднак канчатковы вынік не агалошваецца. Ёсьць зьвесткі, што адзін з найбольш вядомых айцішнікаў Віктар Пракапеня ад супрацы з «Дынама» адмовіўся.
Фарсаж «Іслачы»
Прыз глядацкіх сымпатый сёлета заслугоўвае «Іслач» пад кіраўніцтвам халерычнага трэнэра Віталя Жукоўскага. Каманда, якая прадстаўляе Менскую вобласьць, пачала ўзыходжаньне зь нізоў паралельна са сталічнымі «Крумкачамі», але, адрозна ад апошніх, не загрузла ва ўнутраных разборках і да апошняга змагаецца, каб дэбютаваць на эўрапейскай арэне.
У 2012-м «Іслач» заявілася ў другую лігу і зь першай спробы атрымала права на падвышэньне ў клясе. Праз два гады калектыў стаў наймацнейшым у першынстве першай лігі і ў 2016-м дэбютаваў у ліку 16 наймацнейшых элітнага дывізіёну. Аднак неўзабаве здарыўся скандал з дамоўнымі матчамі, і за гэта сэзон-2017 «Іслач» пачала зь мінусам 7 ачкоў. Ня кажучы пра радыкальныя чысткі ў трэнэрскім штабе і сярод заплямленых гульцоў. Нягледзячы на форс-мажор, удалося адскочыць ад зоны вылету і фінішаваць на 11-й пазыцыі.
Сёлета выхаванцы Віталя Жукоўскага адпачатку арыентаваліся здабыць 50 ачкоў. Гэта азначала пападаньне як мінімум у чацьвёрку, што дае магчымасьць удзелу ў адборы да групавога этапу Лігі Эўропы. На шляху да сваёй мэты «Іслач» не зважала на аўтарытэты, досыць упэўнена разьбіраючыся з фаварытамі. Ключавым рашэньнем стала падпісаньне ў другім коле Аляксандра Глеба: 38-гадовы вэтэран дадаў упэўненасьці маладым і, насуперак прагнозам, ня стаў балястам.
Піке менскага «Тарпэда»
Безумоўным расчараваньнем году стала сытуацыя, якая склалася вакол менскага «Тарпэда» — самага беларускага клюбу чэмпіянату краіны. Летась праз дыскваліфікацыю «Крумкачоў» аўтазаводцы неспадзявана выйшлі ў найвышэйшую лігу, але скарыстацца ўнікальным шанцам не ўдалося: расейскі інвэстар Міхаіл Міраненкаў адмовіўся падтрымліваць каманду. Нягледзячы на стараньні, новага спонсара знайсьці не ўдалося, у сувязі зь фінансавымі праблемамі давялося зьняцца пасьля першага круга.
«Тарпэда» — адзін з найстарэйшых футбольных клюбаў Беларусі, пяць разоў станавіўся чэмпіёнам і тры разы заваёўваў кубак БССР. Ад 1992-га выступаў у найвышэйшай лізе, даходзіў да 4 месца і да фіналу ў Кубку краіны.
У 2005 годзе празь фінансавыя праблемы клюб перайшоў у другую лігу, нават перамог у ёй, але пасьля спыніў існаваньне. Праз два гады ўлюбёную каманду адрадзілі фанаты, заявіўшы яе ў чэмпіянат Менску (4-ы ўзровень беларускіх лігаў). У 2014-м «Тарпэда» выйшла ў другую лігу, а ў 2016-м пачало выступаць у першай. Вяртаньне ў эліту стала кароткачасовым — другі раз вярнуцца зь нябыту не атрымалася.
Перад пачаткам сэзону Свабода рабіла інтэрвію з маладым беларускамоўным форвардам Паўлам Кляньнё, трэнэрам брамнікаў там працаваў таксама беларускамоўны Валеры Макарэвіч, асноўны галкіпэр зборнай Беларусі ў пляжным футболе.
Дыягназ футбольнага агента
Ці стане чэмпіянат 2019 году пераломным у беларускім футболе? Магчыма, самы час, каб пачаць яго рэфармаваньне ў напрамку камэрцыялізацыі, а не залежаць надалей ад дзяржаўнага фінансаваньня?
Футбольны агент Валеры Ісаеў падзяліўся сваёй думкай са Свабодай. Па-першае, кажа ён, сёлетнія спаборніцтвы цікавыя тым, што аб’ектыўна некалькі камандаў прэтэндавалі на золата. Па-другое, унізе турнірнай табліцы да апошняга незразумела, хто пакіне вышэйшую лігу.
«Праўда, сьцьвярджаць, што нешта якасна зьмянілася і адсюль такі непрадказальны сцэнар, я б ня стаў, — працягвае экспэрт. — Так склалася ў сілу шэрагу прычын. БАТЭ першы год гуляе без Анатоля Капскага — і мы бачым, наколькі моцна гэта адбілася на выніках. Безумоўна, „Дынама“ (Берасьце) вельмі прыстойна выглядае, для мяне наогул нечакана, што за кароткі тэрмін замахнуліся на чэмпіёнства. Толькі нядаўна адваліўся „Шахцёр“. Ну, і іншыя падцягнуліся. Таму якія б ацэнкі ні ўжывалі — і „дно“, і „дэградацыя“, — дзякуй богу, таленавітыя футбалісты ў краіне ёсьць».
Што да неабходнасьці структурных рэформаў, Валеры Ісаеў — прыхільнік дэманапалізацыі. Пры гэтым, зазначае ён, трэба быць рэалістамі: ня можа футбол існаваць па-за кантэкстам таго, як разьвіваецца краіна. Аснова ўсіх прафэсійных лігаў — свабодны рынак рэклямы, трансфэраў, гандлю. Для Беларусі трэба рабіць папраўку на тое, што існуе дзяржаўная манаполія.
«Асабіста я падтрымліваю ўсё, пра што гаворыць Аляксандар Зайцаў: гэта патрэбна і карысна футболу, — адзначае агент. — Менавіта такі спэцыяліст павінен узначальваць фэдэрацыю — чалавек бачыць і разумее, якія працэсы адбываюцца і ў футболе, і ў эканоміцы. Рэформы патрэбныя перадусім фэдэрацыі. Калі зьявяцца перадумовы для іх пераносу ў прафэсійную лігу, можна рушыць далей. Асноўная прычына, чаму ня так шмат шанцаў у праекту сёньня, — гэта поўная аморфнасьць чынавенскага корпусу. Ніякай ініцыятывы, жаданьня штосьці зьмяніць. Толькі патрэба дагадзіць вышэйшаму начальству. А менавіта яны кіруюць і футболам, і клюбамі».
Апошні тур футбольнага чэмпіянату Беларусі завершыцца 1 сьнежня. Тады канчаткова агучаць ня толькі тройку лідэраў, а і групу «сьмяротнікаў». Згодна з абноўленым рэглямэнтам, у пераходным спарынгу згуляюць каманды, якія занялі 14 месца ў вышэйшай лізе і трэцяе ў першай. Пераможца на наступны сэзон выступіць у эліце. На падвышэньне ўжо пайшлі «Белшына» і «Смалявічы», у ліку імаверных кандыдатаў яшчэ адзін прадстаўнік Берасьцейшчыны — «Рух», былы фарм-клюб «Дынама».