Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр-футбаліст адкрые ў Менску «Грузінскі гандлёвы дом»


Мэр Тбілісі Каха Каладзэ, архіўнае фота
Мэр Тбілісі Каха Каладзэ, архіўнае фота

Траціна ўсіх каньякоў, якія прадаюцца ў Беларусі, — грузінскай вытворчасьці. Такую інфармацыю агучыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка, прымаючы ў Менску грузінскую дэлегацыю на чале з прэм’ерам Мамукам Бахтадзэ.

У Тбілісі ажыятаж у беларускіх крамах

Андрэйчанка дадаў, што «мы гатовыя купляць каньякоў і болей — гэтаксама як і грузінскую садавіну і гародніну».

Кіраўнік грузінскага ўраду, у сваю чаргу, адзначыў, што і беларускія прадукты добра разыходзяцца ў ягонай краіне, асабліва ў Тбілісі.

«Менавіта ў беларускай краме можна назіраць чэргі па прадукты вашай вытворчасьці. І гэта добрая прыкмета. Пасьля таго як вясной у Тбілісі прайшла выстава „Зроблена ў Беларусі“, попыт на вашу прадукцыю істотна павялічыўся».

Аптымізм абодвух бакоў выявіўся ў жаданьні давесьці таваразварот паміж краінамі да 200 мільёнаў даляраў — зь цяперашніх 87 мільёнаў. Спадзяваньні на прырост дае і адкрыцьцё 24 жніўня ў Менску на вуліцы Куйбышава «Грузінскага гандлёвага дому».

На імпрэзе будуць два прэм’еры і два кіраўнікі сталіц. Мэр Тбілісі — знакаміты ў мінулым футбаліст Каха Каладзэ.

Беларусь прапануе грузінам мэдычны турызм

У 2010 годзе толькі 5 тысяч беларусаў адпачывалі ў Грузіі. У 2018-м — ужо 65 тысяч. Турыстам падабаецца чыстае мора, танныя прадукты, гасьціннасьць гаспадароў.

Амбасадар Грузіі ў Беларусі Валер Кварацхелія кажа, што бакі вядуць перамовы аб зьніжэньні коштаў квіткоў на самалёты і павелічэньні колькасьці рэйсаў — як на Тбілісі, так і на Батумі.

Уладзімер Андрэйчанка прапанаваў, каб і грузіны ляталі адпачываць у Беларусь.

«Мы ня можам прапанаваць вам мора, але ў Беларусі вельмі добра пастаўленыя мэдычныя паслугі. Цяпер да нас усё часьцей прыяжджаюць іншаземцы, каб паправіць сваё здароўе. Гэта такі лячэбны турызм. І грузіны маглі б да яго далучыцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG