У ноч на 3 лютага памёр адзін з самых пасьпяховых і вядомых расейскіх рэпэраў пачатку нулявых Дэцл, Кірыл Талмацкі. Яму было 35 гадоў.
У інтэрвію Радыё Свабода ў 2016 годзе Кірыл Талмацкі распавёў, чым жыве, да чаго імкнецца і пра што думае сёньня кумір падлеткаў нулявых гадоў Дэцл. А яшчэ патлумачыў, чаму ў Расеі людзі не ўсьміхаюцца адзін аднаму, за што ён ня любіць прэзыдэнта Пуціна і што прыйшло на зьмену «Пэпсі, пэйджару і MTV».
Пра дрэды і свой лёс
— Колькі гадоў вы не стрыжэце валасы?
— Роўна паўжыцьця.
— Гадоў 15, значыць?
— Нешта накшталт таго. Можа, і 16-17.
— Вы задаваліся калі-небудзь пытаньнем, які груз адказнасьці носіце на сваёй галаве?
— Гэта стабільнасьць мая ўнутраная. Стабільнасьць у поглядах. Я ня вельмі задумваюся над тым, колькі гадоў растуць мае дрэды. Гэта неад’емная частка мяне. Гэтае пытаньне само сабой вырашылася даўно і ўсё.
— Кірыл, вы ня вельмі тыповым чынам паставіліся ў жыцьці да карʼеры. Маючы вялікі посьпех, магутнага тату-прадусара, доступ да тэлебачаньня, вы ад усяго гэтага ў нейкі момант адмовіліся і проста пайшлі зусім іншай дарогай. Чаму?
— Па-першае, я першапачаткова нічога такога не прасіў ні ў каго. У мяне не было мэты кімсьці станавіцца...
— Само ўсё ўпала на вас?
— Так, так атрымалася. Такі быў мой лёс. Была кропка, пасьля якой пачало ўсе развальвацца. Кампанія «Мэдыястар», у якой былі магутныя рэсурсы, развалілася. Усё развалілася.
Пра Расею пад Пуціным
— Вашы песьні і вашы кліпы з тых часоў імкліва палітызаваліся. Вось у апошнім трэку вы наогул сьцьвярджаеце, што Расею можна апісаць трыма словамі: «заторы», «будоўля», «бруд». Навошта вы гэта робіце?
— Ну, Дэцл заўсёды быў голасам пакаленьня свайго. Я ім і застаўся. У мяне ёсьць два-тры альбомы, якія я запісаў, ужо ня будучы настолькі папулярным і ня маючы кучы эфіраў на тэлебачаньні. І гэтыя альбомы ня тое каб палітызаваныя. Яны філязофскія. І «Заторы. Будоўля. Бруд» таксама філязофскі трэк. Я нікога ні ў чым не абвінавачваю, а проста пералічваю факты. Факты заўсёды застаюцца фактамі.
— Вам сапраўды здаецца, што ваша пакаленьне — цяпер ужо трыццацігадовых людзей — успрымае краіну прыкладна так: заторы, будоўля, бруд? Усе ж усім задаволеныя.
— Не, гэта на самой справе ня так, не задаволеныя. Людзі бадзёрацца і стараюцца не сумаваць, стараюцца не выпускаць нэгатыў, які назапасіўся, але маё пакаленьне мяне падтрымлівае. Калі ня ўсё, то большасьць. І яно ведае, што ёсьць рэальнасьць, а ёсьць прапаганда тэлевізійная. У маім разумным узросьце Расея знаходзілася ў сваёй лепшай стадыі ад 2000 па 2004 год. Калі Ўладзімір Уладзіміравіч толькі асвойваўся. А далей нешта незразумелае пачалося. Мабыць, асвойталіся, зразумелі, як працуюць схемы, як іх адціскаць. І пачалося.
— Пачалося ўсё міма людзей?
— Так, пачалася гульня ў адны вароты. Але краіна можа ж жыць без бацькі! Дзіця становіцца дарослым, калі яно сыходзіць ад бацькоў, пачынае самастойнае жыцьцё. Калі грамадзтва становіцца дарослым, то яму не патрэбныя кантралюючыя органы...
Пра «левую прапаганду»
— Дэцл вырас і стаў анархістам...
— А ў нас усё больш і больш узмацняецца кантроль. Незразумела, навошта і чаму. Зьнешні вораг пастаянна шукаецца. Мы б ужо даўно асвойвалі космас, калі б ня гэтая левая прапаганда пра зьнешняга ворага.
— Скажыце, вы належыце да тых людзей, якія лічаць, што, крытыкуючы краіну, можна ў ёй парадак навесьці?
— Не, я ж не крытыкую краіну. Мне гэтая краіна падабаецца. Я б ужо даўно ўцёк, у мяне магчымасьцяў зьехаць і працаваць за мяжой было шмат.
— Як жа не крытыкуеце? Вы расчэсваеце некаторыя болькі сваімі кліпамі.
— Ну калі людзі, якія тут усё жыцьцё жывуць, будуць маўчаць, то хто тады будзе казаць? І пра што?
Пра моладзь
— Як вы думаеце, чаму людзі ў Расеі не ўсьміхаюцца адзін аднаму?
— Таму што ў нас лічыцца, што сьмех без прычыны — прыкмета дурні.
— Я не пра сьмех, а пра ўсьмешкі.
— Усьміхаесься ўвесь час — значыць, нешта ў цябе ня так... «Чо ты ўсьміхаесься? Га?» Затое ты заўсёды можаш у любой краіне сьвету зразумець, калі ідзе рускі мужчына ці жанчына. Паводле выразу твару. Гэта нацыянальная асаблівасьць. У нас заўсёды было мала падставаў радавацца. Зашмат стрэсу ў нас і нашых продкаў. Расея — зона стрымліваньня эмоцыяў. Мы зь дзяцінства прызвычаіліся стрымліваць свае эмоцыі.
— Вы ў пачатку дзьвюхтысячных гадоў сталі тварам рэклямнай кампаніі «Пэпсі, пэйджар, MTV». Пэпсі, пэйджар і MTV — тры словы, якімі вы тады характарызавалі маладое пакаленьне расейцаў. Сёньня якімі трыма словамі вы б ахарактарызавалі моладзь у нашай краіне?
— Айфон, фэйсбук, патрыёт. Нешта накшталт таго, напэўна.
Пра альфа-самцоў
— Вы неяк у інтэрвію сказалі, што ня вельмі добра ставіцеся да нашага прэзыдэнта ўжо хоць бы таму, што ён усёй краіне даў кепскі прыклад таго, як мужчына можа паступіць з жанчынай, зь якой пражыў усё жыцьцё.
— Безумоўна.
— Чаму вас менавіта гэта так зачапіла? Краіна яго пасьля разводу любіць менш ня стала.
— Ён кіраўнік дзяржавы, ён зьяўляецца альфай. Усе астатнія — бэта. Яны будуць пераймаць яго паводзіны. Як толькі ён нешта робіць, бэта лічыць, што так і трэба, і робіць тое ж самае. Зразумелая мая тэорыя?
— Ваша тэорыя зразумелая, але яна кажа пра тое, што Расея цалкам бязглуздая краіна, якая сьлепа капіюе паводзіны альфа-самца.
— Сыстэма каардынат арангутанаў. Базавыя паводзіны малпаў. Схема гэтая працуе і ў людзей. І сыстэма гэта занадта простая. Чаму Абама не разьвёўся са сваёй жонкай?
— Магчыма, ён яе кахае?
— І ў яго дзьве дачкі, як і ва Ўладзіміра Уладзіміравіча. Пуцін ня меў права, будучы прэзыдэнтам, гэтага рабіць. Прэзыдэнт павінен быць прыкладам. У першую чаргу для ягоных бэта-самцоў. Калі Пуцін разьвёўся, куча бізнэсоўцаў разьвяліся са сваімі старымі жонкамі. Я гэта проста ведаю. Паводле прыкладугалоўнага дзейнічалі. Мой бацька і куча яго сяброў паступілі так.
Арыгінал артыкулу на сайце Радио Свобода.