Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі пачалі расьсьледаваць сьмерць зьняволенага ад катаваньняў


У Бранскай вобласьці Расеі пачалі крымінальную справу аб гібелі зьняволенага ад катаваньняў. У расейскім Сьледчым камітэце паведамляюць, што супрацоўніка калёніі ВК-6 падазраюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў з прымяненьнем гвалту і спэцыяльных сродкаў.

Паводле прэс-рэлізу ведамства, зьняволены, імя якога не паведамляецца, памёр 22 ліпеня. Паводле вэрсіі сьледзтва, супрацоўнік Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў (ФСВП) перавязаў асуджанаму рот тканінай, у выніку чаго той памёр ад асфіксіі.

Кіраўніцтва ФСВП 24 ліпеня заявіла пра намер стварыць у рэгіёнах Расіі камісіі па разглядзе скаргаў зьняволеных на прымяненьне да іх сілы. Такое рашэньне было прынятае пасьля публікацыі відэазапісу зьбіцьця асуджанага ў яраслаўскай калёніі, паведамляе агенцтва Інтэрфакс.

Днямі кіраўніцтва яраслаўскай папраўчай калёніі №1, што ў Расеі, адхіліла ад працы 17 чалавек пасьля публікацыі відэа з жорсткімі катаваньнямі вязьня, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на абласнога ўпаўнаважанага ў правах чалавека Сяргея Бабуркіна.

Па справе аб катаваньнях затрыманыя шэсьць чалавек. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што выяўленыя ўсе ўдзельнікі зьбіваньня, маюць намер даць прававую ацэнку бязьдзеяньню начальства калёніі.

Відэа катаваньняў 20 ліпеня апублікавала расейская «Новая газета»:

Намесьнік кіраўніка расейскай Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Анатолій Руды 23 ліпеня заявіў, што зьняволены Яўген Макараў, відэазапіс катаваньняў якога ў яраслаўскай калёніі патрапіў у прэсу і атрымаў шырокі грамадзкі рэзананс, сам правакаваў супрацоўнікаў папраўчай установы. «Макараў дапусьціў 136 парушэньняў у калёніі, спрабаваў зрабіць так, каб справакаваць супрацоўнікаў», — адзначыў Руды. Пры гэтым ён дадаў, што супрацоўнікі ведамства «ня справіліся са сваімі абавязкамі цалкам» і «не правялі дакумэнтаваньне і не далі прававую ацэнку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG