Абноўлена а 17:30 30 траўня: Аркадзь Бабчанка жывы. Паводле Службы бясьпекі Ўкраіны, замах на забойства быў інсцэніроўкай.
Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў назваў «верхам цынізму» і «русафобскім скалананьнем паветра» абвінавачваньні ў датычнасьці Расеі да забойства журналіста Аркадзя Бабчанкі.
«Гэта верх цынізму на тле такога жорсткага забойства — так па-русафобску скаланаць паветра, замест таго, каб гаварыць аб неабходнасьці правядзеньня ўважлівага і бесстароньняга расьсьледаваньня», — сказаў Пяскоў.
Здагадкі аб датычнасьці «расейскай таталітарнай машыны» выказваў у сваім фэйсбуку прэм’ер-міністар Украіны Ўладзімір Гройсман. Кіраўнік МЗС краіны Павел Клімкін сказаў, што «разуменьне аналягічных выпадкаў прымушае нас думаць аб тым, што Расея выкарыстоўвае і іншыя віды тактыкі для дэстабілізацыі Ўкраіны, у прыватнасьці, праводзіць тэракты, падрыўную дзейнасьць і палітычныя забойствы».
Забойства расейскага журналіста Бабчанкі ў Кіеве. Што вядома на гэты момант
На думку Пяскова, Украіна становіцца небясьпечным месцам для працы журналістаў, і ў сытуацыю павінна ўмяшацца ААН. Пры гэтым Пяскоў асудзіў забойства і выказаў спачуваньні сямʼі загінулага журналіста.
«Адбылася трагедыя, загінуў грамадзянін РФ, у яго вялікая сямʼя, якая пазбавілася свайго карміцеля, і мы спачуваем родным і блізкім. Мы рашуча асуджаем гэта забойства, і мы спадзяемся на сапраўднае, а не паказушнае расьсьледаваньне з мэтай выяўленьня тых, хто за гэтым забойствам стаіць», — сказаў Пяскоў.
Журналіста Аркадзя Бабчанку забілі на парозе яго кватэры ў Кіеве напярэдадні ўвечары 29 траўня. Злачынец зрабіў тры стрэлы зь пісталета Макарава. Жонка Бабчанкі знаходзілася дома, яна выклікала «хуткую». Журналіст памёр ад ран па дарозе ў шпіталь
Паліцыя Кіеву разглядае дзьве вэрсіі забойства Аркадзя Бабчанкі — прафэсійная дзейнасьць і грамадзянская пазыцыя. Сьледчыя апублікавалі фотаробат меркаванага забойцы.