Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Авакаў заявіў пра адданасьць прэзыдэнту, Саакашвілі — пра любоў да Ўкраіны. Абодва не зьбіраюцца ў адстаўку


Арсэн Авакаў і Міхаіл Саакашвілі
Арсэн Авакаў і Міхаіл Саакашвілі

Пасьля публікацыі відэа перапалкі на пасяджэньні Нацыянальнай рады рэформаў Украіны Саакашвілі шкадуе, што даводзіцца называць прэм’ера злодзеем, а Авакаў вінаваціць прэзыдэнта ў тым, што не атрымаў магчымасьць выказацца.

За няпоўны дзень відэа сваркі міністра ўнутраных спраў Украіны Арсэна Авакава і старшыні Адэскай аблдзяржадміністрацыі Міхаіла Саакашвілі набрала амаль два мільёны праглядаў сумарна на старонках Авакава і Саакашвілі. Падобна, што і Саакашвілі, і Авакаў лічаць, што маюць рацыю. Пад відэа Авакаў выказваў Парашэнку ў доўгім эмацыйным посьце незадаволенасьць афіцыйнай заявай:

Арсэн Авакаў
Арсэн Авакаў

«Вы мне гэта напісалі? Мне? Таму, які стварыў у МУС добраахвотныя батальёны, куды змаглі прыйсьці патрыёты з Майдану — якія стрымалі агрэсію ў першыя дні вайны, калі войска адмаўлялася ваяваць?! Мне, якога Саакашвілі абвінаваціў за гэта — назваўшы гэтых хлопцаў незаконнымі бандфармаваньнямі, якія я ўтрымліваю за свае карупцыйныя прыбыткі?! Так, я ў пачатку вайны прынёс 210 тысяч даляраў сямейных зьберажэньняў і раздаў дзецям зь першага і другога рэзэрвовага батальёну Нацгвардыі, якія вярнуліся тады на некалькі дзён пасьля мяне з-пад Карачуна і Славянска — абарванымі і бяз сродкаў — бо тады мы толькі пачыналі...»

Канфлікт ён называе «сутычкай з расказчыкам з Адэсы» і вінаваціць Парашэнку ў тым, што той яго запрасіў на Раду рэформаў, дзе яму не давалі выказацца, і не адрэагаваў на апэляцыі, даючы слова толькі Саакашвілі. Армянін па паходжаньні Авакаў тлумачыць, што не стрымаўся ў спрэчцы з грузінам па паходжаньні Саакашвілі, бо «не ў яго (Саакашвілі. — РС) аднаго гарачая каўкаская кроў».

Саакашвілі камэнтуе відэа больш сьцісла:

Міхаіл Саакашвілі
Міхаіл Саакашвілі

«Шкадую, што давялося называць Прэм’ер-міністра злодзеем (праз абвінавачаньне ўраду Яцанюка ў карупцыі і пачаўся канфлікт з Авакавым. — РС), але яшчэ больш шкадую, што гэта праўда. Відэа, якое мне перадалі ў Адміністрацыі Прэзыдэнта пасьля маіх настойлівых просьбаў. На ім выразна чуваць (у канцы) як Прэм’ер-міністар абзывае мяне „гастралёрам“ і „балаболам“, а яго міністар прапанаваў прыбрацца прэч зь „яго краіны“. Я выкарыстаў слова „злодзеі“ ў дачыненьні да прэм’ер-міністра і міністра ўнутраных спраў і ад гэтых словаў не адмаўляюся. Я люблю Ўкраіну, і мы пазбавім нашу краіну ад злодзеяў і махляроў».

Прэзыдэнт апублікаваў афіцыйную заяву, у якой асудзіў дзеяньні Авакава, але больш нічога ні з адным з бакоў канфлікту не зрабіў. Раней ён публікаваў супольную з прэм’ерам і старшынём Вярхоўнай Рады заяву, у якой гаварылася, што і адстаўка прэм’ер-міністра праз абвінавачаньні, выказаныя Саакашвілі, не плянуецца.

Палітоляг Дзяніс Дзенісенка распавёў украінскай службе Радыё Свабода, што лічыць, што «ня варта чакаць гучных кадравых рашэньняў», але мяркуе, што канфлікт справакавалі амбіцыі палітыкаў, і за падобныя паводзіны яны павінны былі б пакінуць займаныя пасады:

«Я лічу, што два нармальныя чалавекі пасьля такіх канфліктаў, калі для іх у першую чаргу — інтарэсы краіны, то яны павінны былі б недзе сустрэцца, выгаварыцца пры зачыненых дзьвярах, пабіць адзін аднаму морды. А пасьля гэтага працягнуць руку і рухацца далей».

Украінскі палітоляг Уладзімір Цыбулька таксама лічыць, што нягледзячы на выхад супрацьстаяньня ў публічную плашчыню, ня варта чакаць сур’ёзных зьменаў у адносінах прэзыдэнцкай і прэм’ерскай фракцыяў у кааліцыі. Справа ў тым, што перавыбары пакуль ня выгадныя абодвум бакам, а выйграюць ад гэтага толькі палітычныя апанэнты:

Уладзімір Цыбулька
Уладзімір Цыбулька

«Мясцовыя выбары вычарпалі партыйныя касы, а стан эканомікі не дазваляе іх хутка напоўніць. Тут і „Блёк Пятра Парашэнкі“, і „Народны фронт“ трапляюць у пэўную „расьцяжку“. Таму сацыяльная незадаволенасьць можа ўжо ў лютым досыць сур’ёзна выплеснуцца на вуліцы. І гэтыя партыі могуць апынуцца паміж апанэнтамі і народам. Гэта значыць, гэта фактычна дазваляе перахапіць энэргію незадаволенасьці людзей і прывесьці апанэнтаў і Парашэнкі, і Яцанюка да ўлады», — тлумачыць Цыбулька.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG