Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка ўстаў на бок Саакашвілі ў канфлікце з Авакавым


Пятро Парашэнка (зьлева) і Міхаіл Саакашвілі
Пятро Парашэнка (зьлева) і Міхаіл Саакашвілі

Чаму ва Ўкраіне пасварыліся грузін з армянінам, дакладна невядома: відэазапіс канфлікту ёсьць у адміністрацыі прэзыдэнта, але яго не публікуюць.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выдаў афіцыйную заяву адносна інцыдэнту паміж міністрам унутраных спраў Украіны Арсэнам Авакавым і старшынём Адэскай абласной дзяржадміністрацыі Міхаілам Саакашвілі.

Авакаў у панядзелак, 14 сьнежня распавёў на Facebook, што пляснуў вадой у твар Саакашвілі. Ён сьцьвярджае, што на пытаньне, чаму Саакашвілі па пытаньні Адэскага прыпартовага заводу зьвязваўся з расейскім алігархам з «Уралхіму», той «сарваўся ў гістэрыку» і пачаў крычаць, што «ніхто ня мае права так размаўляць з Міхаілам Саакашвілі», назваў Авакава «карумпаваным міністрам». Пасьля чаго Авакаў «ўстрымаўся ад таго, каб яго стукнуць — пляснуў яму ў твар вадой». Саакашвілі адказаў на тое патрабаваньнем публікацыі відэазапісу «нягодных і правакацыйных паводзінаў» Авакава, бо «адказвае за кожнае слова, прамоўленае там». На сёньня запіс не апублікаваны — прэс-сакратар прэзыдэнта піша, што «такія перапалкі ў стылі вуліцы ганьбяць краіну».

«Як Прэзыдэнт, гарант Канстытуцыі, правоў і свабодаў грамадзянаў, я не магу абысьці маўчаньнем ганебны інцыдэнт, што адбыўся ў панядзелак на Нацыянальнай радзе рэформаў, — піша Парашэнка на афіцыйным сайце прэзыдэнта. — Дыскусія на гэтай пляцоўцы часта атрымліваецца вострай і гарачай. Там сутыкаюцца розныя пункты гледжаньня, прадукуюцца ідэі, знаходзяцца кампрамісы, нараджаюцца рэформы. Але ў Нацыянальнай радзе, як нідзе, недапушчальныя грубая лаянка і абразы, — асабліва тыя, у якіх ёсьць расісцкі падтэкст, якія закранаюць нацыянальную годнасьць чалавека, ставяць пад сумнеў яго ўкраінскі патрыятызм, прапануюць камусьці „прыбірацца з Украіны прэч“».

Да каго гучала апошняя фраза і кім была прамоўленая, этнічным грузінам і грамадзянінам Украіны Саакашвілі ці этнічным армянінам і грамадзянінам Украіны Авакавым, у лісьце ня згадваецца. Але як раней сьцьвярджаў дэпутат Блёку Пятра Парашэнкі Сяргей Лешчанка, менавіта такія словы сказаў Авакаў у адрас Саакашвілі.

Хоць у лісьце Парашэнкі не гаворыцца наўпрост, на чыім баку прэзыдэнт, зразумець гэта можна з наступных радкоў:

«Гэта я запрасіў ва Ўкраіну міжнародную каманду рэфарматараў, што ўжо пасьпела стаць сапраўды ўкраінскай ня толькі па прадстаўленых ім пашпартах, але і па духу. І я не шкадую, што прыняў такое рашэньне, — піша Парашэнка, намякаючы на запрашэньне Саакашвілі. — Зь іншага боку, барацьба з карупцыяй — гэта не галіна шоў-бізнэсу. Я хацеў бы, каб ні дзяржаўныя службоўцы, ні народныя дэпутаты ня ўдзельнічалі ў падобных „спэктаклях“. Больш пераканаўча будзе выглядаць ня той, хто скажа прыгажэй, а хто сваю доказную базу перадасьць у Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро».

Тым часам ва ўкраінскіх сацсетках багата кпяць з гэтай сутычкі, паведамляе ўкраінская служба «Радыё Свабода», і абмяркоўваюць, якой вадой абліў Авакаў Саакашвілі: украінскай «Моршынскай» ці грузінскай «Баржомі». А адзін з экспэртаў, апытаных Свабодай, палітоляг Канстанцін Мацьвіенка лічыць, што і Авакаў, і Саакашвілі пасьля такога інцыдэнту ня маюць права заставацца на дзяржаўных пасадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG