МІНУЛАЕ. Аўтар пяці кніг трансгрэсіўнай прозы, зрухар мастацага руху «БумБамЛіт» (1995-1999), лідэр групы экзыстэнцыйнай кляўнады «Тэатар псыхічнае неўраўнаважанасьці» (1997-2010), арганізатар і/або ўдзельнік некалькіх соцень імпрэзаў на Беларусі і ў іншых краінах, стыпэндыят літаратурнай праграмы «Homines Urbani» (Кракаў, 2008) і Міжнароднага дома пісьменьніка і перакладчыка (Вэнтспілс, 2010). У 1999 годзе быў узагароджаны Міхасём Баярыным альтэрнатыўнай Нобэлеўскай прэміяй у галіне літаратуры і побытавага п’янства.
ЦЯПЕРШЧЫНА. Пакуль існуе.
БУДУЧЫНЯ. 1. Сьмерць. 2. Суд Божы. 3. Пекла альбо рай (з Катэхізму для дзетак-католікаў).
1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)
Я больш-менш добра ведаю толькі аднаго чытача — сябе самога. Пра астатнія шэсьць мільярдаў чытачоў мне амаль нічога не вядома.
2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?
Як ні дзіўна, за кампутарам.
3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?
Чужыя кнігі і чужыя грахі мне не патрэбныя.
4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?
Магчыма, гэта Сара Кейн зь яе ўласнай п’есы «Псыхоз 4.48».
5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?
Агота Крыстоф, Ален Роб-Грые, Пэтэр Хандкэ.
6. Што вы цяпер чытаеце?
Цяпер нічога. Уласныя траўмы (наколькі б банальнымі яны ні падаваліся збоку) узьдзейнічаюць на сьвядомасьць куды мацней, ніж любыя літаратурныя тэксты.
7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?
Ні на якіх. Ёсьць некалькі моваў, на якіх я здатны ўспрымаць інфармацыю, але толькі не літаратурныя творы.
8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?
У мяне да іх усіх стаўленьне вельмі капрызьлівае і зьменлівае. Але рэкамэндую пачынаць знаёмства з «Сапсаваных лялек». Прынамсі, вам будзе зразумела, ці варта яго працягваць.
9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?
Тую, якую паціху пішу цяпер — «Libido». Але праблема толькі ў тым, што ў мяне звычайна бываюць хэпі-энды, а гэтым разам для яго бракуе жыцьцёвага досьведу.
10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?
Вядома ж, у сьне.