Каля 200 тысяч расейцаў падпісалі пэтыцыю на сайце www.change.org супраць знішчэньня імпартных прадуктаў, якія трапляюць пад «санкцыі ў адказ» і падлягаюць з 6 жніўня ліквідацыі згодна з указам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Галоўныя патрабаваньні: адмяніць указ аб зьнішчэньні ежы і прыняць закон аб бязвыплатнай перадачы прадуктаў і тавараў народнага спажываньня катэгорыям грамадзян Расеі, якія жывуць у нястачы. Зрэшты, улада і частка насельніцтва, якія вітаюць антызаходнюю рыторыку Крамля, наўрад ці пачуюць гэтыя заклікі. Эмбарга на імпарт многіх прадуктаў харчаваньня расейскі ўрад ўвёў у адказ на эўрапейскія і амэрыканскія санкцыі, якія былі выкліканыя расейскай анэксіяй Крыму і ўдзелам Расеі ва ўзброеным канфлікце ва Ўкраіне. 4 жніўня прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў паведаміў, што ўрад можа зьвярнуцца да прэзыдэнта з прапановай яшчэ пашырыць сьпіс дзяржаў, супраць якіх можа быць уведзенае «харчовае эмбарга». Прэзыдэнт Уладзімер Пуцін у канцы ліпеня распарадзіўся зьнішчаць знойдзеныя «забароненыя» прадукты проста на межах краіны, каб не дапусьціць іх продажу. Менавіта гэта ўказаньне Пуціна ўступае ў сілу 6 жніўня. Адабраньне харчовых прадуктаў і іх ліквідацыя ці «прывядзеньне ў непрыдатнасьць», як ўдакладняюць чыноўнікі Расспажыўнагляду і міністэрства сельскай гаспадаркі, будуць зьдзяйсьняцца ўсімі спосабамі, прадугледжанымі законам. Любую ежу, якая патрапіла ў «чорныя спісы» ці ж проста «падазроную», будуць спальваць, ціснуць бульдозерамі, закопваць і гэтак далей, прычым ня толькі на межах, але і па ўсёй краіне. «Гэта ідэя вар’яцкая, дурная і подлая, — сказаў пра зьнішчэньне прадуктаў настаяцель аднаго з маскоўскіх храмаў Аляксей Умінскі, — гэтыя прадукты можна размяркоўваць праз дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць немаёмным, бяздомным, бежанцам, старым». Такую ж прапанову вылучыла на сайце www.change.org пад назвай «Ліст прэзідэнту» актывістка Вольга Савельева. 5 жніўня сайт www.change.org абвясьціў аб пачатку новай акцыі «Званок прэзыдэнту», у рамках якой прапануецца знайсці ў інтэрнэце тэлефонныя нумары чыноўнікаў, дэпутатаў і паведаміць ім аб пэтыцыі. Савельева удакладняе, што пэтыцыя мае хештэг #недавиеду; створаны таксама электронны адрас nedaviedu@gmail.com, куды будуць паступаць ўсе апошнія навіны кампаніі. У інтэрвію Радыё Свабода Вольга Савельева падкрэсьліла, што прапанова адмяніць указ аб зьнішчэньні прадуктаў, якія трапілі пад расейскае эмбарга, прадыктаванае яшчэ і нявер’ем у тое, што ён будзе выкананы. Яна баіцца, што імпартная ежа ня будзе знішчаная, а патрапіць на сталы карупцыянэраў і іх набліжаных: «Можна толькі гадаць пра тое, што дзеецца ў розумах расейскіх уладароў, якія вырашылі зьнішчаць заходнія прадукты замест таго, каб раздаць іх маламаёмасным, і ў галовах тых грамадзян, хто горача і агрэсіўна вітае гэтае рашэньне, як і любыя іншыя антызаходнія выпады і заклікі з Крамля, лічыць літаратар і публіцыст Леў Рубінштэйн, добра памятае, у адрозненьне ад многіх, і напаўгалодныя пасляваенны час, і савецкія чэргі, і культ «дэфіцыту» і «замежнай ежы», і анекдоты на гэтую тэму многіх мінулых дзесяцігодзьдзяў. Ён дадае, што ў нелюбові расейскай улады да «замежнай ежы», да прадуктаў харчаваньня ёсць нешта фрэйдысцкае:
— У іх ачалавечваньне ежы ўзыходзіць да даўніх традыцыяў, паколькі гістарычна Расея была краінай, дзе заўсёды ледзь-ледзь недаядалі. Мабыць, у большасьці расейцаў навогул назіраецца стаўленьне да ежы як да збольшага сэксуальнага аб’екту. Мне гэта ўпершыню прыйшло ў галаву, калі я стаў выяўляць у розных сучасных меню памяншальныя суфіксы ў назвах страў. Там усё вельмі ласкавае, «сялёдачка з бульбачкай» і гэтак далей. І я падумаў, альбо гэта стаўленьне як да дзіцяці, альбо стаўленьне як да сэксуальнага аб’екту. У Савецкім Саюзе наяўнасць у халадзільніку замежнай каўбасы, сыру, наогул, замежных ласункаў вызначала статус. Каўбаса — гэта быў культавы аб’ект, татэмны сімвал. Калі цяперашняя ўлада бачыць свае карані ў савецкім мінулым, як яны могуць не разумець, што ствараюць сваімі рукамі зноў культ забароненага, які збольшага-то савецкую імперыю і загубіў?