Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ведаюць жыхары вуліц Куляшова і Бялыніцкага-Бірулі, хто гэта такія?


Аркадзь Куляшоў
Аркадзь Куляшоў

Карэспандэнт Радыё Свабода прайшоўся па вуліцах Магілёва, каб высьветліць, ці ганарацца магілёўцы жыць на вуліцах, названых у гонар суайчыньнікаў?

У беларускіх гарадах пачалі надаваць новым вуліцам імёны беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры. У бальшыні выпадкаў — гэта аддаленыя ад цэнтру мікрараёны. Гарадзкія цэнтры ж застаюцца апанаванымі назвамі з савецкай мінуўшчыны. Магілёў не выключэньне. У адным з новых тутэйшых мікрараёнаў зьявіліся вуліцы імя Аляксея Пысіна і Аркадзя Куляшова. Да іх тут была вуліца імя Вітольда Бяляніцкага-Бірулі. Ці ведаюць жыхары гэтых вуліц хто такі Пысін, Куляшоў ды Бялыніцкі-Біруля? Ці ганарацца тым што жывуць на вуліцах названых іхнымі імёнамі?

Вуліца Аркадзя Куляшова ў Магілёве ня мае доўгай гісторыі. Імем беларускага літаратара назвалі вуліцу ў новым мікрараёне Спадарожнік. З аднаго боку ад яе абласная бальніца з другога — панэльныя шматпавярховікі. Да цэнтру горада — з паўгадзіны язды на аўтобусе. Шыльды з назвай вуліцы на расейскай мове.

Даведацца ад жыхароў вуліцы, хто такі Аркадзь Куляшоў, як высьветлілася, няпростая задача. Адказваючы на пытаньне, мінакі сумняваліся ў тым, што іхнае меркаваньне праўдзівае і штораз перапытвалі ў журналіста, ці такое яно насамрэч.

— Вы ж жывяце на гэтай вуліцы? — пытаю ў сямейнай пары. Сьцьвярджальна ківаюць галавой. — А хто такі Аркадзь Куляшоў?

Адказваць бярэцца мужчына і тут жа папраўляе журналіста, што Куляшова завуць Аляксей, але, зірнуўшы на шыльду дома і ўпэўніўшыся, што памыліўся, папраўляецца:

Аркадзь Куляшоў — гэта маршал Савецкага Саюзу па-мойму. Не, не — гэта Якубоўскі быў маршалам, а Куляшоў, як мне падаецца, беларускі пісьменьнік.

— А ці ёсьць гонар, што жывяце на вуліцы такога славутага беларускага пісьменьнікa?

Адказвае, што ганарыцца, і дадае:

— Дык у нас многа вуліц такіх вось, напрыклад, вуліца Сіманава, а тут во Куляшова.

Наступная суразмоўніца — маладая мама. На пытаньне, хто такі Куляшоў, адказвае няўпэўнена: «Навуковец, напэўна. Але, калі шчыра сказаць, я нават і ня ведаю. Калі ж задацца такім пытаньнем, то можна ў інтэрнэце пачытаць».

Падказваю: «А тое, што ягоным імем названы ўнівэрсытэт у Магілёве, ці кажа вам гэта пра што?»

— Значыцца, навуковец! Вось прыйду дахаты і абяцаю дзеля інтарэсу паглядзець у інтэрнэце, хто ён такі, — на разьвітаньне запэўнівае маладзіца.

Наступных суразмоўцаў сталага веку — жанчыну і яе дачку — пытаньне пра Куляшова крыху зьбянтэжыла:

«Пісьменьнік, напэўна. І інстытут наш у яго гонар названы», — адказалі яны падумаўшы. На просьбу згадаць творы пісьменьніка маладзейшая жанчына адказала: «Зь беларускіх пісьменьнікаў асабліва нічога ня памятую. Даўно ў школе вучыліся».

Жанчыны ганарацца тым, што жывуць на вуліцы, названай імем Куляшова:

«Нам больш хацелася жыць на вуліцы Куляшова, — заяўляюць яны, — чым на вуліцы імя Аляксея Пысіна. Інстытут жа Куляшова...».​

Вуліца імя Аляксея Пысіна непадалёк. Творчасьць паэта зьвязаная з Магілёвам. У цэнтры гораду на адным з дамоў — мэмарыяльная шыльда паэту. Пахаваны ён на каталіцкіх могілках у Магілёве. Надпіс на ягоным надгробку на ўсе клады адзіны па беларуску. Шыльды ж на вуліцы, названай у гонар беларускага паэта, расейскамоўныя. Гэтая акалічнасьць жыхароў вуліцы не бянтэжыць. «Мы на гэта не зьвяртаем ўвагі», — падкрэсьліваў амаль кожны, да каго зьвяртаўся з пытаньнем. Для жыхароў вуліцы Пусін — пісьменьнік, некаторыя не праміналі адзначыць, што беларускі.

— Пісьменьнік беларускі! Мне, вядома ж, прыемна, што ў нашай краіне існуюць людзі, якія пражыўшы жыцьцё, вартыя таго, каб у іх гонар назваць вуліцу, — выказваецца пра Аляксея Пысіна жыхарка вуліца.

Непадалёк ад новай школы пераймаю маладога мужчыну з тым жа пытаньнем пра Аляксея Пысіна — хто ён такі?

— Гэта беларускі паэт. Ведаю, бо пра яго цікавіўся, і мне сказалі, хто ён«, — каротка адказаў мужчына. Пра творчасьць паэта суразмоўца нічога ня ведае — для яго дастаткова веданьня, хто такі Пысін.

Гадоў пяць яшчэ таму вуліца імя Бялыніцкага-Бірулі была вядомая большасьці магілёўцаў, бо на ёй былі два шпіталі — абласны і дзіцячая. Цяпер вырас мікрараён і тут высяцца шматпавярховікі. На пешаходнай вуліцы Ленінскай (у цэнтры гораду) ёсьць мастацкі музэй імя Бялыніцкага-Бірулі. Вуліца ж амаль на гарадзкой пэрыфэрыі. Шыльды звыкла расейскамоўныя.

Тыя ж пытаньні, што і жыхарам вуліц імя Куляшова і Пысіна, задаю жыхарам вуліцы Бялыніцкага-Бірулі.

Зьвяртаюся да маладой жанчыны. Яна без асаблівага роздуму адказвае: «Не, я ня ведаю, хто ён такі. І не цікавілася ніколі». «Хіба ня ведаеце, што ў Магілёве ёсьць мастацкі музэй Бялыніцкага-Бірулі», — зьдзіўляюся на адказ жанчыны. Тая рэагуе: «А, тады ён мастак».

Наступны суразмоўца — мужчына сярэдняга веку — ганарыцца, што жыве на вуліцы Бялыніцкага-Бірулі. На пытаньне, хто ж ён такі, адказвае: «Гэта беларускі пісьменьнік, наколькі я памятаю». Што ж ён напісаў, пытаю: «Вось на гэта адказаць я не магу нічога».

Меркаваньне пра тое, што Бялыніцкі-Біруля быў беларускім пісьменьнікам, падтрымалі амаль усе, да каго зьвярнуўся на вуліцы, названай у яго гонар. Праўда, ніводзін з апытаных не згадаў, якія творы напісаў «літаратар Бялыніцкі-Біруля»...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG