Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі шукаюць Атлянтыду ў Астроўшчыне (ФОТА)


Удзельнікі пленэру
Удзельнікі пленэру

У вёсцы Астроўшчына Полацкага раёну распачаўся мастацкі плэнэр «У пошуках Атлянтыды». Гэта ўжо дзясяты пленэр, мэта якога — захаваньне ў мастацкіх творах той Беларусі, пра якую мала ведаюць і якая ўжо зьнікае.

У Астроўшчыну зьехаліся мастакі зь Менску, Віцебску, Верхнядзьвінску, Полацку, Наваполацку... Па сутнасьці, гэта ўжо сталая група мастакоў, якіх аб’ядноўвае адна ідэя — захаваньне беларускай спадчыны. Яны вандруюць па мясьцінах, дзе яшчэ засталіся парэшткі помнікаў архітэктуры, што ўжо наўрад ці калі-небудзь будуць адноўленыя. Таксама штогод далучаюцца і новыя калегі, якіх хвалюе тое самае: жаданьне зрабіць усё магчымае, каб пра калісьці славутыя, але пазабытыя вёскі і мястэчкі памяталі і ведалі нашчадкі-сучасьнікі.

Пра мэту пленэру мы размаўляем з адной зь ініцыятарак гэтай справы, полацкай паэткай Лерай Сом:

«Гэты праект накіраваны на тое, каб адкрыць для людзей — спачатку для мастакоў, а потым для тых, хто прыйдзе на выставы — нейкія мястэчкі, калісьці знакамітыя, а потым закінутыя, занядбаныя... Выставы ў нас абавязкова праходзяць у Віцебску, Воршы, Полацку, Наваполацку, і ў тых мясьцінах, дзе мастакі малявалі».

Сёлета месцам для плэнэру, юбілейнага, дзясятага па ліку, быў абраны Полацкі раён. І гэта невыпадківа, гаворыць яшчэ адна арганізатарка, полацкая мастачка Кацярына Мясьнікова:

«Мы працуем у вёсцы Астроўшчына. Спачатку было некалькі варыянтаў, дзе праводзіць гэты пленэр. І мы рашылі зьбірацца ня ў Полацку, а бліжэй да вёсак — па нашай завядзёнцы, бліжэй да прыроды. Тут захаваліся парэшткі цікавай архітэктуры. У вёсцы Бязьдзедавічы, за пяць кілямэтраў адсюль, захаваліся рэшткі сядзібы Рымскага-Корсакава, сваяка знакамітага кампазытара, на могілках захавалася царква канца 19-га, пачатку 20-га стагодзьдзя...»

Натальля Белавокая
Натальля Белавокая

Паводле некаторых зьвестак, з Астроўшчыны паходзіць Павал Астроскі, удзельнік паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Ён быў сасланы ў Сыбір, і падчас этапу яго ўбачыў Аляксандар Пушкін. Клясыка расейскай літаратуры натхнілі ягоны характар і зьнешні выгляд на стварэньне хрыстаматыйнай аповесьці «Дуброўскі».

Лера Сом, Кацярына Мясьнікова
Лера Сом, Кацярына Мясьнікова

Што да працы ў такіх кутках, дзе поўна матэрыяльных сьведкаў старажытнасьці і даўніны, пра якія створаны легенды і паданьні, то гэта вельмі карысна для творцаў-сучасьнікаў, лічыць менская мастачка Натальля Белавокая:

«Што карыснага? Знаёмства з новымі мясьцінамі цікавымі, зь Беларусьсю, з Радзімай. Мы ж шмат чаго яшчэ ня бачылі. Я тут раблю накіды алоўкам, алеем пішу. Галоўнае ж — захаваць гэта ўсё, знайсьці нашу Атлянтыду. Мы яе шукаем і знаходзім! І такім чынам гэта захоўваецца для нашчадкаў».

Зьяўленьне мастакоў у невялічкіх вёсках — гэта заўжды падзея мясцовага маштабу. Да людзей з эцюднікамі і мальбэртамі падыходзяць дзеці, разглядаюць накіды. Дый дарослыя вяскоўцы гатовыя даць якую параду, што найбольш прыгожага ў роднай вёсцы. Спадарыня Людміла, прыкладам, у захапленьні ад мясцовых краявідаў:

«Мне наша рэчка падабаецца, кустоўе там на беразе. А яшчэ можна намаляваць во гэтую бярозавую алею. Толькі як бы ўладкавацца мастакам? Можа, сесьці ці стаць ніжэй, каб усё было відаць?»

Вяскоўцы з Астроўшчыны стануць і першымі гледачамі першай імправізаванай выставы па выніках пленэру. Ён распачаўся 19 ліпеня, а мае скончыцца 27 ліпеня. Найхутчэй, карціны будуць выстаўленыя ў мясцовай школе, якая гасьцінна прытуліла мастакоў. А потым, калі мастакі дапрацуюць свае творы, экспазыцыя будзе паказана ў розных гарадах Віцебскай вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG