Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫЯ СМІ ПРАЦАВАЛІ НА ЛУКАШЭНКУ, А НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ НЕ ЗМАГЛІ КАМПЭНСАВАЦЬ НЕДАХОП АБ'ЕКТЫЎНАЙ ІНФАРМАЦЫІ


Ягор Маёрчык, Менск

Выбарчая кампанія вялася ў няроўных умовах: дзяржаўныя СМІ працавалі на Аляксандра Лукашэнку, а незалежныя праз цкаваньні ўладаў не змаглі кампэнсаваць недахоп аб'ектыўнай інфармацыі.

Высновы грунтуюцца на аналізе публікацыяў 12 газэтаў, а таксама на назіраньні за эфірам 4 тэлеканалаў (тры зь якіх расейскія) і інфармацыйнымі праграмамі дзяржаўнага радыё.

У праграмах БТ агітацыі за Аляксандра Лукашэнку быў прысьвечаны 81% часу, на Дзяржаўным радыё — 95%. У высновах маніторынгу гаворыцца, што "дзяржаўнае радыё, як і дзяржаўнае телебачаньне, ня выканалі абавязкаў збалянсавана і сумленна асьвятляць выбарчую кампанію, прадэманстраваўшы сваю адкрытую прадтрымку цяперашняму прэзыдэнту".

Акрамя гэтага, сацыёлягі заўважылі тэндэнцыю замоўчваньня дзяржаўнымі СМІ поглядаў апазыцыі.

Тая ж сытуацыя і ў дзяржаўных газэтах. "Советская Белоруссия" прысьвяціла кандыдату Аляксандру Лукашэнку 82% газэтнай плошчы, "Рэспубліка" — 84, "Народная газета" — 83%. Усе публікацыі паказвалі Лукашэнку ў станоўчым сьвятле.

Недзяржаўныя газэты друкавалі пра Аляксандра Лукашэнку галоўным чаным нэгатыўныя матэрыялы. Так, у "Народнай волі" публікацыі такога кшталту займалі 55% плошчы. У той жа час станоўчым ці нэўтральным водгукам пра Ўладзімера Ганчарыка было прысьвечана 26% плошчы выданьня.

Удзельнікі маніторынгу зафіксавалі шэраг гэтак званых мэдыяэфэктаў, пры дапамозе якіх дзяржаўныя СМІ маніпулявалі грамадзкай думкай. Андрэй Камандзін, адзін з удзельнікаў маніторынгу, пералічвае іх:

(Камандзін: ) "Сродкі масавай інфрамацыі былі эмацыйныя. Так, у "Радыёфакце" дыктар дазваляла сабе выказваць уласную думку ў праграме навінаў. Варта адзначыць і такі спосаб маніпуляваньня, калі прыводзяцца састарэлыя зьвесткі ці інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасьці. Акрамя гэтага, мела месца публікаваньне выказваньняў вядомых асобаў за Лукашэнку".

Навуковы кансультант праграмы маніторынгу Надзея Яфімава кажа, што ў Беларусі сытуацыя з выкарыстаньнем мэдыяў падчас выбарчай кампаніі нагадвае іншыя краіны, дзе выбары таксама адбываліся не заўсёды свабодна і дэмакратычна:

(Яфімава: ) "Сытуацыя вельмі падобная на іншыя краіны СНД — напрыклад, на выбары ў Малдове і ва Ўкраіне. Але ёсьць розьніца. Так, у Расеі ёсьць мэдыямагнаты, ёсьць некалькі тэлевізійных кампаніяў, якія могуць працаваць на свайго кандыдата і канкураваць паміж сабой. А ў нас гуляюць у адны вароты. І, скажам, тэлебачаньне працавала на аднаго кандыдата".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG