Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалёў: Канавалаў не падрываў бомбу. Суд за тэракты. Дзень другі

абноўлена

17.50 У судовым працэсе па справе выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка абвешчаны перапынак да 11 гадзіны 19 верасьня.


Маці Кавалёва Любоў зачытала перад журналістамі зварот да ўладаў аб правядзеньні рэфэрэндуму ў пытаньні адмены сьмяротнай кары. Яна баіцца, што сьмяротная кара будзе прыменена да яе сына. Яна ня верыць агалошаным паказаньням сына, згодна зь якімі ён ведаў пра тэракт. Яна кажа, што гэта было пасьля ціску, аказанага на пачатку сьледзтва.

17.30 Ідзе прагляд пратаколу допыту Ўладзіслава Кавалёва. Зь яго вынікае, што Кавалёў, калі сустрэў Канавалава на вакзале 10 красавіка, даведаўся, што ў яго ў сумцы бомба. Дагэтуль ён ведаў, што той вінаваты ў выбуху ля стэлы. Ён спрабаваў адгаварыць Канавалава, і яму падалося, што той зь ім пагадзіўся. Але потым ён спаў і ня бачыў, як Канавалаў пайшоў з сумкай узрываць мэтро і як ён вярнуўся.

На пытаньне, чаму ён не зьвярнуўся ў міліцыю, каб прадухіліць тэракт, ён сказаў, што Канавалаў быў яго сябрам і таму ён ня стаў яго выдаваць. Але цяпер у яго ёсьць пачуцьцё віны.

На допыце 13 красавіка ён сказаў, што мог перашкодзіць гэтаму і ў яго было жаданьне скрасьці гэтую сумку і выкінуць яе. На пытаньне, навошта гэта было патрэбна Канавалаву, ён сказаў, што ня ведае. Але чуў ад яго такія словы, што напярэдадні ў яго ўзялі адбіткі пальцаў і яму, маўляў, усё роўна, яго знойдуць. І ён вырашыў гэта зрабіць. Кавалёў яшчэ прызнаў, што ведаў, што той зьбіраецца ўзарваць мэтро, але ня ведаў, на якой станцыі.

Па словах Кавалёва, Канавалаў казаў, што рыхтуецца да самагубства пасьля тэракту, і нават паказваў нейкія таблеткі.

Прадэманстраваны відэазапіс, зь якога бачна, што Кавалёў празь дзень пасьля арышту выглядае добра. Пасьля допыту ён пацьвярджае ў прысутнасьці адваката, сьледчага і прадстаўніка ўправы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, што яго ніхто ня біў і ніякага ціску не чынілася.

14.15 У суде перапынак на гадзіну. Карэспандэнт "Свабоды" Алег Грузьдзіловіч распавядае пра тое, што адбылося на паседжаньні ў першай палове дня.

Паседжаньне пачалося з допыту Кавалёва.

Суд пастанавіў дапытваць абвінавачаных пакуль толькі пра выбух у мэтро. Іншыя эпізоды будуць разглядацца пазьней.

Дзьмітры Канавалаў

Кавалёў адмовіўся ад сваіх паказаньняў, дадзеных на сьледзтве. Ён патлумачыў, што аднойчы ў часе допыту чуў крыкі Канавалава з суседняга пакою. Ён зразумеў, што Канавалава катуюць. Гэта моцна паўплывала на яго.

Сьледчы тады сказаў Кавалёву: маўляў, твайго сябра асудзяць, а калі ты нам усё распавядзеш, то атрымаеш толькі 2 гады за тое, што не данёс.

Уладзіслаў Кавалёў з сьпіной у адваката

Кавалёў кажа, што сьледчы яму таксама пагражаў: маўляў, калі ня будзеш супрацоўнічаць, то атрымаеш 25 гадоў, а то і наагул намалююць кропкі зялёнкай на ілбе і расстраляюць.

На паседжаньні Кавалёў стаў абвяргаць тое, што напісана ў пратаколах допытаў.

Прыкладам, ён абверг ранейшыя паказаньні, што за некалькі дзён да выбуху ён сустрэў Канавалава на вакзале. У таго была вялікая цяжкая торба. Нібыта тады Канавалаў сказаў, што з торбай трэба абыходзіцца асьцярожна, бо там бомба.

Кавалёў таксама абверг свае ранейшыя заявы, што ад Канавалава ведаў пра датычнасьць таго да выбуху ля стэлы.

Да абеду пракуроры зачытвалі паказаньні, якія Кавалёў даваў на сьледзтве.


13.00 Кавалёў кажа, што Канавалаў не падрываў бомбу ў мэтро

Адзін з падсудных, Уладзіслаў Кавалёў, заявіў, што Дзьмітры Канавалаў не падрываў бомбу ў мэтро.

"Я думаю, Дзьмітры не падрываў бомбу ў 2011 годзе. Мала што там паказвалі (маюцца на ўвазе кадры відэаназіраньня, на якіх Канавалаў ідзе ў мэтро з сумкай на станцыю "Кастрычніцкая", а пасьля выбуху назад — бяз сумкі. — БЕЛТА)", — заявіў Кавалёў.

Ён сьцьвярджае, што яму нібыта паказвалі кадры, дзе Канавалаў ішоў з сумкай у мэтро, але не паказалі, дзе Дзьмітры быў ужо бяз сумкі.

У судзе па-ранейшаму не працуе мабільная сувязь. Прысутныя ў залі журналісты ня могуць адпраўляць паведамленьні. З залі суду нейкім чынам перадаецца толькі дзяржаўнае агенцтва БелТА.


11.17 Кавалёў заявіў, што ў часе сьледзтва на яго ціснулі.
"Свае паказаньні на папярэднім сьледзтве ня пацьвярджаю, бо яны былі дадзены пад ціскам", - перадае словы Кавалёва Інтэрфакс.

11.13 Калі ў першы дзень суду, 15 верасьня, заля, разьлічаная на 500 месцаў, была практычна поўная за паўтары гадзіны да пачатку суду, то сёньня за гадзіну да заяўленага часу ў памяшканьні знаходзіліся ўсяго некалькі чалавек.

Мабільная сувязь у залі суду не працуе. Фота- і відэаздымку забаранілі па хадайніцтве аднаго з пацярпелых.


У другі дзень суду могуць быць прадстаўлены доказы віны фігурантаў справы - Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва.

Сярод 10 эпізодаў злачынстваў, якія інкрымінаваныя жыхарам Віцебску Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву, ёсьць некалькі злосных хуліганстваў, якія, паводле сьледзтва, будучыя тэрарысты зрабілі ў пачатку 2000-ых гадоў. Гэта значыць, што падрываць самаробныя выбуховыя прыстасаваньні ў пад’ездах віцебскіх дамоў Канавалаў і Кавалеў пачалі, калі ім было па 14 гадоў. А закончылі, як мяркуюць у пракуратуры, выбухам у менскім мэтро, калі загінулі 15 чалавек і сотні пацярпелі.

Канавалаў прызнаў сваю віну ў тэракце ў мэтро, на праспэкце Пераможцаў, а таксама свае незаконныя дзеяньні з выбуховымі рэчывамі. Астатнія эпізоды не прызнаў, як і злоснае хуліганства на пачатку 2000-х гадоў.

Кавалёў прызнаў, што набываў тратылавыя шашкі і перадаваў іх Канавалаву, а таксама выпадкі злоснага хуліганства на пачатку 2000-х гадоў. Аднак некаторыя эпізоды ён не прызнаў. Не прызнаў свайго саўдзельніцтва ў тэрактах у мэтро і на праспэкце Пераможцаў. Таксама ён заявіў, што ранейшыя паказаньні, якія даваў адносна свайго ўдзелу ў тэракце ў мэтро, не пацьвярджае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG