Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Асіпенка: "Адчыніў дзьверы і аслупянеў ад выгляду вадалаза са шчытом"


Уладзімер Асіпенка
Уладзімер Асіпенка

Сёньня раніцай заканчваецца тэрмін адбыцьця пакараньня для фігуранта справы аб тэрарызьме, саўдзельніка ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі.


Дакладна два гады таму, 8 лютага 2009 году у сваёй кватэры ў Ваўкавыску быў арыштаваны Ўладзімер Асіпенка – былы вайсковец і калега Мікалая Аўтуховіча па працы ў фірме "Ніка-транс". Той раніцай Уладзімер зьбіраўся з сябрам на рыбалку, лавіць з-пада льду шчупакоў, і не мог ўявіць, што амаль на два гады сам патрапіць на кручок.

"Званок і я без усякага страху і прадчуваньня пайшоў адчыняць дзьверы, бо быў упэўнены, што гэта мой сябра. Адчыняю, а там ў жалезнай масцы чалавек, са шчытом. Маска як у вадалаза, наперадзе шкло. А за ім натоўп. Падумаў, рабуюць ці што? Тут мяне адзін за руку хапае: Ціха, спакойна. Шок быў сапраўды. Потым у кватэру ўварвалася чалавек 10. Два апэратыўнікі з міліцыі, а астатнія байцы "Алмазу". Разьбегліся па пакоях і толькі было чуваць, як дакладваюць: Чыста! Нікога няма! Жонка, канешне, ў шоку, калі да яе на кухню ўварваліся ў масках з крыкам "Чыста! Нікога няма!"

Спачатку Ўладзімер Асіпенка падумаў, што падзеі, якія адбываюцца ў ягонай кватэры, неяк зьвязаныя з выбухам на праспэкце Пераможцаў у Менску 3 ліпеня 2008 году – тады ж паўсюль шукалі тэрарыстаў, ва ўсіх бралі адбіткі пальцаў ды дапытвалі шмат каго з былых вайскоўцаў. Але высьветлілася, што справа больш сур'ёзная.

Мікалай Аўтуховіч
Асіпенку, аказваецца, падазраюць ажно ў спробе замаху на тагачаснага кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Замах нібыта рыхтаваў Мікалай Аўтуховіч, а Асіпенка быў ягонай правай рукой. Болей за год Уладзімер Асіпенка правеў у сьледчым ізалятары пакуль ішло сьледзтва, потым быў суд, на якім высьветлілася, што ніякага замаху зусім і не было.

Суд прызнаў яго вінаватым толькі ў незаконных дзеяньнях са зброяй – нібыта хаваў абрэз вінтоўкі -- і асудзіў на тры гады калёніі. Да амністыі мінулай восеньню Ўладзімер Асіпенка пасьпеў адседзіць некалькі месяцаў у Івацэвіцкай калёніі, але і калі выйшаў на волю, былы вязень мусіў стаць на ўлік і адзначацца ў міліцыі. Паводле закону, умоўнае пакараньне Асіпенкі скончылася толькі сёньня, 8 лютага ў 7 гадзінаў раніцы. Дарэчы, на рыбалку – за шчупакамі – Асіпенка нядаўна ўсё ж зьезьдзіў.

"23-га студзеня, упершыню за 2 гады я ўсё ж зьезьдзіў на рыбалку. З тым жа маім сябрам, з якім тады дамаўляўся. Такое задавальненьне атрымаў. У 9 раніцы мы прыехалі на возера, а ў 14 гадзінаў ужо зьехалі і ў нас было 5 шчупакоў".

Карэспандэнт: "А напярэдадні не было прадчуваньня, што раптам усё паўторыцца і зноў замест рыбалкі...чалавек-вадалаз са шчытом?"

"Калі шчыра, я ўвесь час чагосьці чакаю. Нейкай правакацыі. Тры месяцы я ўжо дома і кожны дзень чагосьці чакаю, нейкай гадасьці. Жонка па мне адчувала, што я ўсяго чакаю. Нікуды не езьдзіў. І 19-га чысла ў Менск не езьдзіў. Калі б паехаў, вядома дзе б зараз быў."

Юры Лявонаў
З Мікалаем Аўтуховічам Уладзімер Асіпенка не перапісваўся – кантакты ім, пакуль не стончыўся тэрмін ў Асіпенкі, былі забароненыя, бо абодва праходзілі па адной справе. На працу спадар Аспіпенка не ўладкоўвася – зараз робіць рамонт у кватэры. З трох пакоях застаўся неадрамантаваным яшчэ адзін.

Уладзімер шчыра зьдзівіўся увагай да яго. Паводле былога вязьня, гэтай ўвагі найперш варты тыя, хто сядзіць зараз па справе 19 сьнежня.

"Тут больш сур'ёзныя справы ў нашай краіне, што пра мяне згадваць. Галоўнае – вызваліць нашых цяперашніх палітвязьняў".


8 лютага 2009 года ў Ваўкавыску па справе аб тэрарызме былі арыштаваныя таксама Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Аўтуховіч быў асуджаны на 5 гадоў за захаваньне патронаў і адбывае пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі. Праваабаронца Алег Воўчак распавёў, што нядаўна атрымаў ад Мікалая Аўтуховіча ліст. Вязень напісаў, што з ягонага тэрміну гэтак і не зьнялі год паводле амністыі, на што ён будзе падаваць скаргу. Яшчэ Аўтуховіч перадае падзяку тым, хто дапамог яму вырашыць праблему з грашыма для пратэзаваньне зубоў.


Юрый Лявонаў ў пачатку сьледзтва фігураваў як падазроны, праз паўгода падазрэньні былі зьнятыя і прадпрымальніка вызвалілі з-пад варты. Зараз Юрый Лявонаў працуе ў Маскве, але часта наведвае Ваўкавыск, дзе ў яго засталася семья.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG