Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"На стадыі збору подпісаў вялікая колькасьць кандыдатаў выгодная ўладам"


Сёньня Цэнтравыбаркам зарэгістраваў 17 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты. Гэта болей, чым у 2006 годзе і менш, чым у 2001-м. Ці сьведчыць сёлетняя рэгістрацыя ініцыятыўных групаў пра тое, што ўлады правядуць выбары па новым сцэнары, дэмакратычна і свабодна?

Паводле палітоляга Юрыя Чавусава, сама па сабе рэгістрацыя ініцыятыўных групаў пакуль ні пра што ня сьведчыць. Хаця гэтым разам Цэнтральная камісія не падыходзіла вельмі пільна да праверкі матывацыі сяброў ініцыятыўных групаў. Аднак падчас мясцовых ці парлямэнцкіх выбараў адсеў на стадыі рэгістрацыі быў вельмі шчыльны. Людзей апытвалі, ці сапраўды яны згодныя трапіць у ініцыятыўную групу, тэлефанавалі, патрабавалі ўзоры іх дакумэнтаў і гэтак далей. Юры Чавусаў адзначыў:

Юры Чавусаў
"Гэта сьведчыць, што да гэтых прэзыдэнцкіх выбараў падыход крыху іншы, чым быў падчас папярэдніх выбарчых кампаній. Цяпер улады зацікаўленыя ў наяўнасьці як мага большай колькасьці кандыдатаў, каб прадэманстраваць нібыта дэмакратычнасьць працэсу выбараў, якія адбываюцца па новым выбарчым заканадаўстве. Але на стадыі збору подпісаў вялікая колькасьць кандыдатаў, у прынцыпе, выгодная ўладам, бо яны будуць расьцягваць і без таго невялікую колькасьць выбарнікаў, якія маюць намер падтрымаць дэмакратычных кандыдатаў".

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што пакуль нельга казаць пра нейкі больш адкрыты сцэнар выбарчай кампаніі.

Аляксей Янукевіч
"Зрэшты, сёньня на пасяджэньні ЦВК мы бачылі нібыта нават плюралізм — Ярмошына прапануе рэгістраваць Някляева, Лазавік кажа, не, ня будзем. Яны галасуюць, неяк падзяляюцца думкі. Я перакананы, што ўсё гэта добра падрыхтаваны спэктакль. І адзіная мэта яго — да пэўнага моманту ствараць уражаньне ў тых, хто жадае быць падманутым, што працэс сапраўды свабодны, адкрыты і дэмакратычны. Неаднаразова мы сустракаліся падчас рознага кшталту выбараў, калі на этапе падачы дакумэнтаў, рэгістрацыі ініцыятыўных групаў супэрлібэральна сябе паводзяць выбарчыя камісіі, і гэтак далей. А праблемы пачынаюцца на этапе збору подпісаў у людзей, на якіх ідзе ціск на працы. А пазьней — пры падліку галасоў на апошнім этапе".

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, рэгістрацыя ініцыятыўных групаў ня ёсьць падзеяй. Ён лічыць, што гэта "абсалютная фармальнасьць і піяраўскі крок з боку ўладаў".

Анатоль Лябедзька
"Зарэгістраваць ініцыятыўную групу — гэта прадэманстраваць сваю схільнасьць да нейкіх лібэральных дзеяньняў. А вось рэгістрацыя кандыдатаў — гэта ўжо будзе не прававое дзеяньне, а палітычны працэс. І мы будзем ацэньваць сытуацыю менавіта па рэгістрацыі кандыдатаў і ўключэньні нашых людзей у склад выбарчых камісій".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG