Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як брытанскія партыі падзеляць уладу?


Перасоўны пункт для галасаваньня
Перасоўны пункт для галасаваньня

Паводле папярэдніх вынікаў парлямэнцкіх выбараў у Вялікабрытаніі, ніводная з партыяў не атрымае абсалютнай большасьці мандатаў. Аднак апазыцыйная Кансэрватыўная партыя мае падставы сьвяткаваць перамогу над лейбарыстамі, якія 13 гадоў былі кіруючай партыяй.


У Вялікабрытаніі дэпутаты выбіраюцца народам толькі ў ніжнюю палату парлямэнту – палату абшчынаў. Выбары праводзяцца па аднамандатнай мажарытарнай сыстэме – ад кожнай са 650 акругаў у палату абіраецца адзін дэпутат. Прынцып англічане фармулююць як “first past the post” – гэта значыць, мандат ад акругі атрымлівае той, хто атрымаў большасьць галасоў. Парогу яўкі няма – дастаткова, каб прагаласаваў хаця б адзін выбаршчык. Участкі зачыніліся ўчора ў дзесяць гадзінаў вечара і на сёньня стала вядома, што правацэнтрысцкая Кансэрватыўная партыя мае ўсе шанцы атрымаць большасьць месцаў. Вось што заявіў лідэр партыі Дэвід Камэрон:

“Нам трэба дачакацца публікацыі ўсіх вынікаў, але, думаю, што ўжо зразумела, што лейбарысцкі ўрад страціў мандат на кіраваньне нашай краінай.”

Аднак у Кансэрватыўнай партыі, верагодна, не будзе патрэбных 326 мандатаў, каб мець абсалютную большасьць. Таму лідэр лейбарыстаў і кіраўнік цяперашняга ўраду Гордан Браўн, партыя якога, верагодна, будзе другой, не здаецца. Паколькі яўнага пераможцы на выбарах няма, узьнікае сытуацыя так званага падвешанага парлямэнту (hung parliament) і права першай спробы сфармаваць будучы кааліцыйны ўрад можа атрымаць якраз Браўн.

Найбольшым сюрпрызам выбараў стаў нечаканы малы посьпех цэнтрысцкай Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якой яшчэ напярэдадні давалі добрыя шанцы. Старшыня партыі – Нік Клег удзельнічаў у адкрытых тэлевізійных дэбатах у ліку тройкі лідэраў – побач з Браўнам і Камэронам.

Адметнасьцю выбараў была надзвычай высокая актыўнасьць выбарцаў – у некаторых акругах чэргі на ўчастках стаялі ажно да іх закрыцьця, сотні грамадзянаў нават не пасьпелі атрымаць бюлетэні, што выклікала абурэньне людзей. На некаторых участках вырашылі працягнуць тэрмін галасаваньня і далі выбарцам дадатковых паўгадзіны, што, аднак, можа стаць падставай для падачы зыскаў ад кандыдатаў, якія прайгралі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG