Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Лашчыніна: Лепш, каб нам проста не перашкаджалі


Алена Лашчыніна
Алена Лашчыніна

Алена Лашчыніна зь Менску каля васьмі гадоў у прадпрымальніцтве, кіруе прыватным ўнітарным прадпрыемствам “Камелен”.

Карэспандэнт: “Чаму вы займаецеся бізнэсам?”

Лашчыніна: “Падчас „перабудовы“ я працавала звычайным інжынэрам на заводзе. Мяне скарацілі. Мне было тады за 30 і цяжка было знайсьці працу. Я паспрабавала нешта стварыць сваё. І мы вырашылі стварыць з мужам шапік на прыпынку. Патрэбны былі грошы. Мы пазычылі і пачалі працаваць зь 2001 года ў Менску. То бок абставіны вымусілі мяне займацца бізнэсам”.

Карэспандэнт: А што было самым цяжкім?

Лашчыніна: “У той час нам не было надта складана займацца прадпрымальніцтвам. Тады было працаваць лягчэй і ў маральным, і ў матэрыяльным пляне. Мы менш чым за год змаглі аддаць усе пазыкі.

А сёньня ўсё цяжка. Бо падаткі насамрэч вельмі высокія. Матэрыяльныя выдаткі вялізныя. Прыбыткаў практычна няма. Заробкаў таксама няма. Часта апускаюцца рукі, ня хочацца працаваць далей, бо ня бачу сэнсу. Але з другога боку мне ўжо за сорак гадоў, я ня ведаю куды сябе прымяніць.
Часта апускаюцца рукі, ня хочацца працаваць далей, бо ня бачу сэнсу.
Калі я сама сябе не забясьпечу працай, то гэтага ніхто ня зробіць. Таму мы спадзяемся, што розум пераможа, нешта зьменіцца ў лепшы бок. Мы ня просім дапамогі. Лепш, каб нам проста не перашкаджалі. Ды мы й не прывыклі да дапамогі, бо робім усё сваімі рукамі. Далі б магчымасьць працаваць. Калі я страчу свае гандлёвыя кропкі, я ня ведаю, што я буду рабіць”.

Карэспандэнт: Які галоўны ўрок для вас ад заняткаў бізнэсам?

Лашчыніна: “Бізнэс у мяне на сёньня не атрымаўся”.

Карэспандэнт: Якую параду вы можаце даць чалавеку, які захоча пачаць бізнэс у вашай галіне?

Лашчыніна: “Я дала б адзіную параду — наогул не займацца бізнэсам. Альбо пачынаць адразу з буйнога. Але ня ведаю, наколькі гэта рэальна. Бо з дробнага перайсьці ў сярэдні ці ў буйны сёньня практычна немагчыма. А захавацца дробнаму? Ну, будзем спадзявацца, што ён захаваецца, бо буйнога бяз дробнага ня будзе. Нам сёньня хаця б захавацца”.

Карэспандэнт: Як вы лічыце, якой спакусы, якой памылкі трэба пазьбягаць любым коштам?

Лашчыніна: “На гэтае пытаньне цяжка адказаць. Я думаю, вялікіх памылак не было”.

Карэспандэнт: Як ставяцца да вашай бізнэс-кар’еры родныя? Ці варта браць сваякоў у бізнэс?

Лашчыніна: “Мае бацькі былі катэгарычна супраць, калі я пачынала займацца бізнэсам. Бо ніхто ня ведаў, што гэта такое. Сёньня мне бацькі вельмі спачуваюць.

Што да таго ці браць сваякоў у бізнэс — і так, і не. Але сёньня я сама ледзьве выжываю. У бізнэсе лепш працаваць не сваякам. Бо калі працуюць сваякі, вы ня можаце патлумачыць, сказаць усяго таго, што б вы сказалі іншаму чалавеку. Я вельмі сумняюся, што з гэтага атрымаецца бізнэс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG