Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч запрасіў Янукевіча на эўрапейскі форум


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
Cёньня лідэр “Руху за Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч распаўсюдзіў заяву, у якой прапанаваў старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу далучыцца да арганізацыі і правядзеньня Беларускага эўрапейскага форуму.

Мэту форуму Аляксандар Мілінкевіч бачыць у падтрымцы павароту Беларусі ў бок Эўрапейскага зьвязу. А таксама ў мабілізацыі і аб’яднаньні беларускіх праэўрапейскіх сілаў. Пакуль адказу на свой зварот спадар Мілінкевіч не атрымаў. Аднак ён адзначыў, што ў рэгіёнах сябры БНФ актыўна ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы форуму, хаця іншай была пазыцыя старога кіраўніцтва партыі.

“Форум у нашым разуменьні гэта месца, дзе Беларусь павінна прадэманстраваць свае эўрапейскія амбіцыі. Гэта вельмі важна і ўнутры краіны, і для нашых партнэраў за мяжой сказаць, што ёсьць Беларусь, адукаваная, маладая, энэргічная, інфармаваная. І яна бачыць для Беларусі шлях у Эўропу. Гэта больш не палітычнае мерапрыемства, а грамадзкае, інфармацыйнае. Чаму БНФ? Яна была, ёсьць і будзе асноўнай сілай сярод нацыянальна-дэмакратычных групаў насельніцтва. Таму
Я вельмі хацеў бы, каб мы былі разам. У нас супольныя каштоўнасьці і агульныя мэты.
я вельмі хацеў бы, каб мы былі разам. У нас супольныя каштоўнасьці і агульныя мэты”.

Мілінкевіч адзначыў, што форум ёсьць адным зь вельмі важных мерапрыемстваў у справе стварэньні нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі. У плянах форуму няма вылучэньня патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. Адносна свайго ўдзелу ў будучых выбарах Мілінкевіч сказаў:

“Я гатовы, але рашэньня яшчэ не прымаў. Бо трэба ведаць па якім законе гэта будзе адбывацца? Якая будзе сытуацыя ў краіне адносна рэпрэсій, правоў чалавека? Ці будзе насамрэч моцная нацыянальна-дэмакратычная кааліцыя? Ня трэба сьпяшацца. Я ня думаю, што трэба сёньня абавязкова крыкнуць, што я ўжо іду. Трэба падрыхтавацца да гэтага”.

Аляксей Янукевіч
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч толькі што вярнуўся з паездкі ў Швэцыю. Ён назваў вельмі пазытыўнай форму супрацоўніцтва, калі “спакойна, адкрыта прапануецца далучыцца да гэтай ініцыятывы”. Аднак рашэньні ў гэтым пытаньні павінен прымаць партыйны сойм.

“Пытаньне геапалітычнага выбару і пытаньне, дзе пройдзе цывілізацыйная мяжа, па ўсходняй ці заходняй мяжы Беларусі, застаецца адкрытым. І тут для нас адказ абсалютна ясны, што мы за вяртаньне Беларусі ў сям’ю эўрапейскіх народаў. Таму маё асабістае стаўленьне пазытыўнае. І я буду выступаць за тое, каб мы далучыліся да гэтага форуму. Тут абсалютна ніякіх прынцыповых праблемаў я не прадбачу. Гэта мерапрыемства нам можа быць цікава. І адпаведна мы можам далучыцца да яго падрыхтоўкі і ўдзельнічаць у ім”.

Спадар Янукевіч паведаміў, што найбліжэйшым часам мяркуе сустрэцца з А.Мілінкевічам дзеля папярэдніх перамоваў у справе фармаваньня нацыянальна-дэмакратычнага блёку. Ён таксама выказаўся супраць таго, каб на форуме абіраўся нейкі кандыдат у прэзыдэнты. Ён нагадаў, што рашэньне пра фармат удзелу ў выбарах Партыя БНФ будзе прымаць асобна на вясеньнім зьезьдзе і дагэтуль ня можа браць удзел у мерапрыемствах ці працэдурах, дзе абіраецца кандыдат у прэзыдэнты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG