Адзін нумар “Газеты Слонімскай” выйшаў у новых умовах: памяшканьня для рэдакцыі дагэтуль няма. Рэдактар Віктар Валадашчук распавядае пра новыя ўмовы працы:
Валадашчук: “У кватэры я паставіў факс, туды скідваюць усё магчымае. А рэклямная служба: бяруць дзьве табурэткі, ідуць пад былы будынак рэдакцыі й размаўляюць там з рэклямадаўцамі, тлумачаць, як па-новаму запаўняць рэкляму й аплату”.
Карэспандэнт: “Няўжо пад прыёмны пункт рэклямы нельга знайсьці месца ў нейкім памяшканьні?”
Валадашчук: “Я абышоў увесь горад, прасіў прадпрымальнікаў, зь якімі даўно супрацоўнічаем, каб паставіць невялічкі стол у памяшканьні, але ніхто не пагадзіўся”.
Віктар Валадашчук спрабаваў купіць шапік на рынку, каб там разьмясьціць рэклямную службу, але й гэта не дало вынікаў.
Валадашчук: “Вось я хацеў купіць шапік на цэнтральным рынку, знайшоў прадаўца. Дык мне райспажыўсаюз, паколькі ён здае зямлю ў арэнду, адмовіў. Напачатку пагадзіліся, а потым зьмянілі сваё рашэньне”.
Віктар Валадашчук распавядае, што першы нумар, які выйшаў у экстрэмальных умовах, дадаў яшчэ праблемаў, зь якімі раней не сутыкаліся. У рэкляме былі дапушчаны памылкі, прыходзілі рэклямадаўцы, сварыліся, давялося вяртаць грошы.
Я запытаўся ў рэдактара, ці ведае ён пра тое, што ў Палаце прадстаўнікоў рыхтуюцца зьмены ў закон “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Са слоў Валадашчука, для іхнай рэдакцыі папраўкі ў закон могуць прынесьці новыя непрыемнасьці:
Валадашчук: “Цяпер мне давядзецца згодна з новымі папраўкамі рабіць цалкам перарэгістрацыю газэты, бо я зьмяніў юрыдычны адрас. Але ж гэта глупства. На дадатак, гэта патрабуе дадатковай траты часу, сродкаў, папераў розных”.
Віктар Валадашчук дадае, што незалежным СМІ давядзецца працаваць яшчэ ў больш жорсткіх умовах, чым раней.
Нагадаем, што “Газеце Слонімскай” адмовілі ў арэндзе. Перамовы з гарадзкімі ўладамі выніку не далі, а знайсьці новае памяшканьне, нават у прыватных уласьнікаў, дагэтуль не атрымліваецца.
Некалькі месяцаў таму паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах, праўда, ліцэнзію на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) усё ж працягнулі.
Але вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”.
Месяц таму “Газета Слонімская” стала ляўрэатам прэміі фонду “Цайт” за асьвятленьне падзей у рэгіёне.