Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз за вызваленьне ўсіх палітвязьняў у Беларусі


Рада Эўразьвязу працягнула да 10 красавіка 2009 году візавыя абмежаваньні для шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі.

Рашэньне рады тычыцца таксама замарожваньня іх фінансавых актываў.

У афіцыйным камэнтары гаворыцца, што гэтае рашэньне грунтуецца на мерах, уведзеных у 2004 годзе адносна чыноўнікаў, якія вінаватыя ў фальшаваньнях выбараў і рэфэрэндума 2004 года, парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў на выбарах у сакавіку 2006 года і ціску на грамадзянскую супольнасьць і падаўленьні супраціву дэмакратычнай апазыцыі.

Сьпіс асобаў, якіх тычацца візавыя абмежаваньні, застаецца нязьменным. Аднак ён можа быць дапоўнены ў любы час на падставе пэўных крытэраў у ацэнцы наступных падзеяў.

Рада і Эўракамісія прывіталі таксама вызваленьне пяці з шасьцёх прызнаных міжнароднай супольнасьцю палітзьняволеных у Беларусі. Рада і Эўракамісія таксама заявілі пра неабходнасьць безумоўнага вызваленьня ўсіх палітзьняволеных у Беларусі, што разглядалася б як канкрэтны крок да павагі эўрапейскіх каштоўнасьцяў, дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта дазволіла б перагледзець абмежавальныя меры адносна чыноўнікаў у Беларусі.

Рада і Эўракамісія ў гэтым зьвязку таксама зьвяртаюць увагу на парлямэнцкую выбарчую кампанію, якая павінна быць праведзена згодна з міжнароднымі выбарчымі стандаратамі. Гэта магло б стаць падставай для далейшых станоўчых крокаў.

Рада і Эўракамісія нагадваюць, што гэтае рашэньне можа быць перагледжана ў зьвязку з палітычнымі падзеямі ў Беларусі.

“Вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных і правядзеньне ў верасьні 2008 года парлямэнцкіх выбараў забясьпечыла б пэўныя магчымасьці для такога перагляду”, - гаворыцца ў паведамленьні Рады Эўразьвязу і Эўракамісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG