Карэспандэнт: “У спэктаклі “Тутэйшыя” па-ранейшаму выконвае ролю Віктар Шалкевіч. Віктар, табе трэба настройвацца, хоць вы столькі гадоў граеце гэты спэктакль?”
Шалкевіч: “Гэта такі спэктакль, на які заўсёды маеш настрой. Нічога ў ім асабліва складанага няма, проста трэба мець нейкую лёгкасьць”.
Карэспандэнт: “Калі доўга граеце, спэктакль надакучвае — ці, наадварот, калі ён такі даволі сьмешны, то табе падабаецца яшчэ і яшчэ раз граць?”
Шалкевіч: “Не, ён ня можа надакучыць, бо ёсьць у ім нешта такое, месцы, у якіх ты нават сам бавісься. Ёсьць месцы, ад якіх публіка заводзіцца, і ты заводзісься ад публікі”.
Карэспандэнт: “Ці няма расчараваньня? Вы пачыналі яго напачатку 1990-х: вось незалежнасьць, вось бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоня. А ўсё на месцы топчацца...”
Шалкевіч: “Ды нічога ня топчацца, а тое, што зьмяняюцца часы, то яны могуць, як маятнік у гадзіньніку: можа і туды хіснуцца, і туды можа. Гэта ўсё вельмі дыялектычна”.
Карэспандэнт: “Заля гарадзенскага лялечнага тэатру поўная, пераважна моладзь сабралася, адчуваецца, што спэктакль падабаецца, яго чакаюць, ён ідзе нячаста. На сцэне намалявана мапа, абрысы якой нагадваюць Беларусь, і пазначаны гарады: Горадня, Менск, Берасьце… На Менск якраз накіравана сьвятло пражэктару. Гасьне сьвятло, “Тутэйшыя” Янкі Купалы пачынаюцца”.
Сьпеў:
“А на Пярэсьпе музыка іграе,
Народ стаіць і толькі пазяхае,
Бо нейкія засранцы папсавалі танцы,
Худыя, як цьвікі, кажуць, што бальшавікі!”
Карэспандэнт: “Я бачу ў тэатры гісторыка Алеся Краўцэвіча”.
Краўцэвіч: “На “Тутэйшых” я, можа, раз трэці ў гэтым тэатры, а зараз была магчымасьць сабраць усю сям’ю. Мы лічым, гэта знакавая зьява”.
Карэспандэнт: “Я разумею, што спэктакль сёньня стварае пэўны настрой напярэдадні 25 сакавіка. А з кім з палітыкаў вы сёньня зьвязваеце Дзень Волі?”
Краўцэвіч: “Ведаеце, я вельмі даўно прыглядаюся да палітычнай эліты, таму, канечне, я зьвязваю свае надзеі ў першую чаргу з Аляксандрам Мілінкевічам”.
.