Беларускае „Слова 2019 году“ — Каліноўскі

Сьнежань — пара вызначаць беларускае „Слова 2019 году“. Але перш агледзімся на сьвет.

Недзе трывога і хаос...

Рэдактары Оксфардзкіх слоўнікаў выбралі ангельскім „словам 2019 году“ выраз climate emergency — ‘кліматычная трывога’. Можна зразумець чаму: глябальную ангельскамоўную інфармацыйную прастору сёлета запоўнілі палымяныя прамовы швэдзкай дзяўчынкі Ґрэты, барацьбіткі з глябальным пацяпленьнем. І глябальны рэсурс Dictionary.com вызначыў словам году прыметнік existential — ‘экзыстэнцыйны’, зьвязаны з існаваньнем і пагрозамі яму.

Электрасамакат у Парыжы

А Таварыства нямецкай мовы (Вісбадэн) выбрала сапраўды новае слова: Respektrente, кампазыт назоўнікаў Respekt і Rente ‘пэнсія’: дыскусія пра годную чалавека пэнсію ішла ў Нямеччыне ўвесь год. На другім месцы рэйтынгу таксама нэалягізм — Rollerchaos, які ахапіў Нямеччыну, калі ўзаконілі электрасамакаты.

Выбар „словаў году“ для розных моваў сьвету працягваецца.

...А ў нас — Каліноўскі!)

Сёлета ў кароткі сьпіс, укладзены журналістамі і скарочаны да пяці словаў галасаваньнем у спэцыялізаванай моўнай суполцы фэйсбуку „Толькі пра мову“, увайшлі аншлюс, Вільня, інтэграцыя, Каліноўскі, крыжалом.

Галасаваньне ў тэлеграме за беларускае „Слова 2019 году“

За гэтую пяцёрку канчаткова і прагаласавалі чытачы свабодаўскіх каналаў і групаў у фэйсбуку, Укантакце, інстаграме, тэлеграме. Вынік амаль усюды падобны, а ў тэлеграме і Ўкантакце (дзе сумарна прагаласавалі 5999 чалавек) практычна ідэнтычны, таму карэктна аб’яднаць галасаваньне ў гэтых дзьвюх сетках:

  • Каліноўскі 3180 (54,7%)
  • Інтэграцыя 1569 (26,2%)
  • Крыжалом 473 (7,9%)
  • Аншлюс 449 (7,5%)
  • Вільня 328 (5,5%)

Абсалютна пераважала імя Каліноўскі і ў галасаваньні ўдзельнікаў інстаграму, і ў суполцы „Толькі пра мову“. У агульнай свабодаўскай суполцы ФБ, дзе галасавалі не ў табліцы, а ў камэнтарах, з 62 чалавек 25 выказаліся за слова незалежнасьць, прапанаванае ўдзельнікамі. (Летась яно ўжо было ў пяцёрцы.)

Чаму Каліноўскі

„Словам году“ мы дамовіліся выбіраць або зусім новае для беларускай мовы слова, або слова, якое істотна зьмяніла (дапоўніла) сваё значэньне і зьвязана з чымсьці вельмі важным сёлета.

Вільня. 22 лістапада 2019 году

Вось жа слова Каліноўскі сёлета і зрабілася вельмі важным для многіх беларусаў, і напоўнілася новым зьместам. Цяпер імя вялікага пратапляста новага беларускага нацыянальнага руху — ня толькі сымбаль. Цяпер мы ведаем, дзе Каліноўскі пасьля належнага зь ім разьвітаньня годна спачывае, і месца гэтае падпісана па-беларуску. І вяртаньне Каліноўскага адбылося на дзіва своечасова.

Годнае месца ў мове

Прозьвішча Каліноўскі, ужытае без асабовага імя, для беларуса не вымагае ўдакладненьня. Гэта (а таксама сёлетнія падзеі) яшчэ ў 1970-я прадбачыў Алесь Разанаў у вершы „Арышт Кастуся Каліноўскага“:

Заўжды адзін адказ,
утойваньне... зьмяншэньне...
Але прыходзіць час
імя і ўваскрашэн
ьня.
Ўсе ніты ў сувой,
у заклік пагалоскі
з
ьяднаць
і стаць сабой!..
Як зваць вас?
Каліноўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі


Слова-імя Каліноўскі мае сваё словаўтваральнае гняздо. Паплечнікаў Каліноўскага і прадаўжальнікаў ягонае місіі пазьнейшай пары больш традыцыйна завём каліноўшчыкамі (так Караткевіч называў, напрыклад, паўстанца Міхала Цюндзявіцкага, а ў Другую ўсясьветную вайну ў складзе беларускага супраціву былі аддзелы „каліноўшчыкаў“). Зьявілася і слова каліноўцы, яго аўтарства прыпісваюць Рыгору Барадуліну („Лінія перамены дат“, 1965).

Адкуль паходзіць

Бальшыня беларускіх (а таксама польскіх, украінскіх) прозьвішчаў з суфіксам -ск- утварыліся ад назваў паселішчаў. Ці то валодаў продак сядзібай, ці проста родам адтуль. Лічыцца, што Амбражэй, сын Самуэля, пачынальнік той галіны Каліноўскіх, да якой Вінцэнт Канстанты — Кастусь — належыць, купіў у XVII ст. на Бельшчыне маёнтак Калінаў. Зрэшты, і герб радзінны — Калінова.

Якушоўка, Сьвіслацкі раён. 2015

Тапонімаў з гэтым коранем і ў Беларусі, і ў Польшчы шмат. Так, у цяперашнім Сьвіслацкім раёне, дзе ёсьць вёска Якушоўка з падмуркамі ад колішняй палатнянай фабрыкі Сымона Каліноўскага, Кастусёвага бацькі, да нядаўна быў хутар Каліноўшчына.

Але тапонімы з коранем Калін- могуць мець рознае паходжаньне. Ад назвы куста каліны Viburnum opulus першае, што прыходзіць у галаву. Але тапанімісты ведаюць, што назвы паселішчаў у сваю чаргу часта паходзяць ад імёнаў, напрыклад, першапасяленцаў. Імя Каленік/Калінік вядомае ў Беларусі з XVI стагодзьдзя, гістарычна мела варыянты Каліна, Калінка (Каленка, адкуль Каленкавічы) ды іншыя.

Іншыя словы „пяцёркі“

Несумненна, што слова „інтэграцыя“, пад трывожным знакам якога (як і слова аншлюс) Беларусь жыве апошнія месяцы, мусіла б быць у двукосьсях.

На загад уладаў рабочыя вырываюць памятныя крыжы ў Курапатах. 4 красавіка 2019 г.

Слова крыжалом — адзіны ў „пяцёрцы“ сапраўдны нэалягізм, яно ўзьнікла сёлета і бездакорна адпавядае законам словаўтварэньня, але такому папаўненьню лексыкі беларускае мовы цешыцца ці выпадае, бо апісвае яно дзікунства.

Затое Каліноўскі — адназначана пазытыўнае слова, якое, адрадзіўшыся, ізноў сілкуе беларусаў сваёй энэргіяй.

Даведка пра „Слова году“

„Слова году“ традыцыйна выбіраюць для розных моваў. Упершыню гэта зрабіла Таварыства нямецкай мовы (Die Gesellschaft für deutsche Sprache, Вісбадэн) у 1971 годзе. У ангельскамоўным сьвеце цяпер слова году вызначаюць некалькі аўтарытэтных навуковых, выдавецкіх і журналісцкіх асяродкаў. Крытэры ў розных журы крыху адрозныя. Бальшыня не вымагае, каб слова было зусім новым (хоць гэта пажадана), але яно мае быць частым і важным у адпаведным годзе (слоўнікавыя інтэрнэт-рэсурсы лічаць колькасьць запытаў) або істотна памяняць значэньне.

„Беларускія словы году“

Упершыню „Беларускае слова году“ выбрала Беларуская служба Радыё Свабода ў 2014 годзе. Спачатку выбіралі некалькі запрошаных экспэртаў, потым экспэртная камісія складалася з журналістаў і мовазнаўцаў, а з 2017 году сьпіс для галасаваньня складаюць як экспэрты, так і чытачы сацыяльных сетак. Апошнія і галасуюць за найбольш папулярнае слова.

„Беларускімі словамі году“ былі:

2014 — вышымайка

2015 — набэлістка

2016 — беларусафоб

2017 — дармаед

2018 — БНР

2019 — Каліноўскі

2020 — Жыве!

2021 чабор

2022 — вайна

2023 — мова