У акупацыйных уладах Данецкай вобласьці паведамілі аб арганізацыі «бізнэс-місіі» зь Беларусі, найперш з прадпрыемстваў, супраць якіх дзейнічаюць міжнародныя санкцыі за саўдзел Беларусі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Як паведаміла мясцоваму данецкаму выданьню кіраўніца цэнтру «Мой бізнэс» у так званай «ДНР» Любоў Лугавая, у кастрычніку група прадпрымальнікаў з Данецку наведала Беларусь і правяла больш за «35 мэтавых сустрэч зь вядучымі беларускімі прадпрыемствамі, у тым ліку з МАЗ, БелАЗ і Магілёўскім ліцейным заводам.
Усе пералічаныя прадпрыемствы знаходзяцца ў міжнародных санкцыйных сьпісах Эўразьвязу і іншых заходніх краін.
«Цяпер чакаем рэвэрсную бізнэс-місію», — паведаміла Любоў Лугавая.
Данецкую бізнэс-місію ў Беларусь арганізоўваў так званы «Цэнтар падтрымкі экспарту ДНР», створаны сёлета для прасоўваньня міжнароднай супрацы акупаванага Расеяй украінскага рэгіёну. Яна праходзіла 16-18 кастрычніка.
Як стала вядома Свабодзе, у межах гэтай паездкі данецкія прадпрымальнікі правялі сустрэчу з прадстаўнікамі гандлёвага прадстаўніцтва Расеі ў Менску, а таксама ўдзельнічалі ў міжнародным эканамічным форуме «Млын посьпехаў» і Міжнародным каапэрацыйным форуме аб імпартазамяшчэньні дзяржаў ШАС.
У Беларусі не афішавалі ўдзелу дэлегацыі так званай «ДНР» і не вылучалі яе асобна сярод удзельнікаў. У дзяржаўных выданьнях адзначалі, што найбольш дэлегацый на гэтыя форумы накіравалі з рэгіёнаў Расеі. Сярод іншых удзельнікаў былі прадстаўнікі Кітаю, Казахстану, Таджыкістану, Індыі, Ірану і Пакістану.
У чэрвені 2023 году стала вядома, што ўлады Беларусі падпісалі дамову аб супрацы з гэтак званай «ДНР». Ад імя ўраду Беларусі гэта зрабіў тагачасны амбасадар Беларусі ў Расеі Дзьмітры Круты, якія цяпер ачольвае адміністрацыю Лукашэнкі.
З 2023 году ў Беларусь пачалі прыяжджаць прадстаўнікі і сябры расейскіх акупацыйных уладаў Данецкай вобласьці.
Беларусь удзельнічае ў вывазе крытычнай для сябе прадукцыі з Украіны
Пасьля падтрыманьня расейскай агрэсіі супраць Украіны Беларусь пазбавілася магчымасьці купляць ва Ўкраіне крытычную для сваіх прадпрыемстваў прадукцыю, найперш мэталюргічную і вырабы з мэталаў, а таксама будаўнічыя матэрыялы.
Але пасьля акупацыі Расеяй новых тэрыторый ва Ўкраіне, Беларусь пачала «дапамагаць» выкарыстоўваць выкрадзеную расейцамі прамысловую ўкраінскую прадукцыю.
У «Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі» паведамілі, што за 9 месяцаў 2024 году праз расейскія чыгуначныя стыкавыя пункты Гукава і Ўсьпенская зь кірунку акупаваных украінскіх рэгіёнаў у Беларусь адправілі 382 вагоны, агульнай вагой 25 425 тон.
Згодна зь інфармацыяй «Супольнасьці», беларускім прадпрыемствам адпраўлялі ліставую сталь, парцалянавую гліну (каалін), ліцейны кокс, смолы, каменнавугальную і іншую прадукцыю.
Сярод атрымальнікаў выкрадзенай ва Ўкраіне прадукцыі — ЗАТ «Асіповіцкі завод транспартнага машынабудаваньня (7 866 тон вырабаў), ААТ «Керамін» (5 720 тон), ААТ «БелАЗ» — кіроўная кампанія холдынгу «БелАЗ-Холдынг» (2 001 тоны), Магілёўскі аўтамабільны завод (138 тон), завод «Магілёўтрансмаш» (690 тон), МАЗ (204 тон), ААТ «Гомельбудматэрыялы» (196 тон) і іншыя прадпрыемствы.
Пасьля падтрыманьня Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня Ўкраіна выйшла з шэрагу міжнародных пагадненьняў з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку і гандлёвых, і ўвяла санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.
Гандаль зь Беларусьсю, паводле ўкраінскай статыстыкі, спыніўся цягам некалькіх месяцаў пасьля расейскага ўварваньня ў 2022 году. Але ўвесь гэты час ва Ўкраіне заводзяць крымінальныя і адміністрацыйныя справы за пастаўку прадукцыі беларускага паходжаньня, у тым ліку трактараў, нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў.
Забароны на гандаль зь Беларусьсю, як у выпадку з Расеяй, Украіна ня ўводзіла. Аднак межы між дзьвюма краінамі закрытыя і пункты пропуску фізычна не працуюць.