Дальнабойніка з Воршы асудзілі за абразу Лукашэнкі і фінансаваньне «экстрэмізму»
Суд прыгаварыў дальнабойніка з Воршы Аляксандра Камлёнка да 3 гадоў калёніі, паведамляе Orsha.eu.
Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (артыкул 368 КК) і ў фінансаваньні «экстрэмісцкай» дзейнасьці (артыкул 361-2 КК).
Па інфармацыі праваабаронцаў, Камлёнка затрымалі ў лютым пасьля вяртаньня ў Беларусь. Вядома, што мужчына працаваў дальнабойнікам у Эўропе. Старонка беларуса ў «Аднаклясьніках» прызнана «экстрэмісцкімі» матэрыяламі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 сьнежня: у Менску арыштавалі хірурга; партал «Люстэрка» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»У Менску за «абразу Лукашэнкі» судзяць брата палітвязьня. Яго затрымалі па вяртаньні ў Беларусь
У судзе Менскага раёну 18 сьнежня пачаўся суд над Віктарам Тарасевічам — братам палітвязьня Міхаіла Тарасевіча, якога асудзілі да 6 гадоў калёніі. Віктара абвінавачваюць паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу (абраза Лукашэнкі). Справу разглядае судзьдзя Кацярына Новікава.
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», Віктару 49 гадоў. Род яго заняткаў невядомы. Вядома толькі, што некаторы час ён працаваў кіроўцам. Апошняя публікацыя ў сацсетках Віктара — кранальны ліст ад брата, у якім той гаруе па нядаўна памерлай маці. Да гэтага мужчына публікаваў гісторыі са сваёй вандроўкі ў Польшчу, гэта было каля месяца таму.
Палітвязьня Елісея Кузьняцова судзяць трэці раз
Цяпер Елісея Кузьняцова абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі). Суд над ім распачаўся ў Барысаве 18 сьнежня. Справу вядзе судзьдзя Людміла Зінкевіч, паведамляе «Вясна».
21-гадовага палітзьняволенага Елісея Кузьняцова ўжо двойчы судзілі. У 2020 годзе яго асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» паводле двух артыкулаў Крымінальнага годэксу. Пазьней за «парушэньні» яму замянілі пакараньне на пазбаўленьне волі. 17 сьнежня 2022 году Елісей Кузьняцоў цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю з наваполацкай калёніі № 1.
23 траўня 2023 году стала вядома, што Елісея зноў паказальна заключылі пад варту ў Высокаўскім аграрным каледжы. У жніўні 2023 году яго асудзілі да 2,5 годоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму за тры сарваныя дзяржаўныя сьцягі. Палітвязень адбывае тэрмін у барысаўскай калёніі № 14.
У Мёрах за «экстрэмізм» будуць судзіць, верагодна, работніцу выканкаму
На 19 сьнежня ў мясцовым судзе прызначанае пасяджэньне па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у дачыненьні да Сьвятланы Георгіеўны Чарняўскай, піша «Вясна». Поўная цёзка жанчыны працуе ў райвыканкаме ў якасьці галоўнай спэцыялісткі аддзелу эканомікі, заўважыў тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю!».
Працэс будзе ўзначальваць судзьдзя Ірына Яскевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 сьнежня: у Менску арыштавалі хірурга; партал «Люстэрка» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»