Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 сьнежня: у Менску арыштавалі хірурга; партал «Люстэрка» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

абноўлена

Віцебскі абласны суд, архіўнае фота
Віцебскі абласны суд, архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Маладога лекара, які выгукнуў «Слава Ўкраіне!», судзяць у Віцебску

17 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачынаецца суд над Аляксандрам Рандарэнкам, якога абвінавачваюць у «рэабілітацыі нацызму» (ч. 1 арт. 130-1 КК) і «распальваньні варожасьці» (ч. 1 арт. 130 КК). Яму пагражае 5 гадоў зьняволеньня, паведамляе «Вясна».

Аляксандра Рандарэнку і ягонага сябра Дзяніса С. затрымалі ў красавіку 2024 году падчас онлайн-стрыму з правакатарам, дзе маладыя людзі, якія былі нападпітку, сказалі, што «сьвяткуюць» тэракт у «Крокус Сіці Холе» (тэракт адбыўся ў Маскве 22 сакавіка 2024 г. — РС).

Паводле праваабаронцаў, Рандарэнку падчас затрыманьня моцна пабілі, пазьней яго і сябра пакаралі адміністрацыйным арыштам.

Да затрыманьня Аляксандар Рандарэнка працаваў у Віцебску доктарам. Мяркуецца, ён сваяк былога галоўнага акушэра Віцебску Ігара Рандарэнкі, які памёр у 2018 годзе.

Аляксандар Рандарэнка адбыў на «сутках» ажно 75 дзён, але так і ня выйшаў на волю. Падчас вобшуку сілавікі знайшлі на стале ў маладога лекара ўкраінскі вымпел, а таксама згадалі яму вокліч «Слава Ўкраіне!» падчас трансьляцыі ў чат-рулетцы і завялі на яго крымінальную справу.

Судзіць лекара судзьдзя Яўген Буруноў.

«Люстэрка» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем»

17 сьнежня МУС Беларусі прызнала «экстрэмісцкім фармаваньнем» беларускі навінавы партал «Люстэрка», заўважылі праваабаронцы.

Таксама «экстрэмісцкім» быў прызнаны буйны менскі моладзевы чат «МИНСК || ВСЕ О ТЕБЕ», ягоны чат, канал «ПЕРЕХОДНИК МИНСК» і профіль «Андрюха Модельер». Адпаведнае рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску. У тэлеграм-чаце «Минск все о тебе ЧАТ» амаль 1600 удзельнікаў, большасьць зь іх — звычайныя школьнікі. Палітычныя тэмы там абмяркоўваюць зрэдку, але можна ўбачыць паведамленьні ад моладзі з высьмейваньнем Лукашэнкі.

Таксама «экстрэмісцкі сьпіс» папоўнілі старонка ў «Х» «рамонак флаўэрс», TikTok-акаўнт «kukuha98» і Viber-чат «ГГПТКЭ».

Мянчанку судзяць за «заклікі да санкцый»

У Менскім гарадзкім судзе 17 сьнежня разглядаюць крымінальную справу супраць Алены Марозавай паводле трох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый).

Працэс вядзе судзьдзя Тацяна Фалькоўская. Раней яна вынесла сама менш 19 палітычна матываваных прысудаў, як як падлічылі праваабаронцы.

Папярэднія судовыя пасяджэньні супраць Алены Марозавай адбыліся 10 і 11 сьнежня.

У Менску арыштавалі хірурга зь вялікім стажам

Ліліі Качан 41 год, яна зь Менску. Скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт у 2007 годзе, піша «Наша Ніва».

У 2012-м Качан скончыла ардынатуру па спэцыяльнасьці «хірургія». Працавала ў 10-й гарадзкой клінічнай лякарні ў Менску, а таксама ў «Нардзіне». Мае больш за 17 гадоў лекарскага стажу.

Качан зьнікла з усіх сацсетак пасьля 16 кастрычніка 2024 году, калі быў выкладзены яе апошні допіс з фатаздымкамі. У сацыяльных сетках яна часта публікавала здымкі з падарожжаў. Пасьля гэтага яе не было онлайн, выдаленая была і яе тэлеграм-старонка.

Лілію Качан пачнуць судзіць 27 сьнежня ў Менскім гарадзкім судзе. Абвінавачаньні — «удзел у пратэстах» (ч. 1 арт. 342 КК) і «заклікі да санкцыяў ці іншых мер, накіраваных на прычыненьне шкоды Беларусі» (ч. 3 арт. 361 КК). Жанчыне пагражае да 12 гадоў калёніі са штрафам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG