Парлямэнт Грузіі забараніў маскі, піратэхніку і лазэры на пратэстах

Тбілісі, 11 сьнежня 2024

Грузінскія ўлады за тры дні прынялі законапраект, які зьмяняе закон «Аб сходах і дэманстрацыях». Ініцыятыва прадугледжвае забарону насіць маскі або іншыя спэцсродкі, якія закрываюць твар падчас пратэстаў.

Таксама ўдзельнікам пратэстаў забаранілі насіць з сабой піратэхніку і лазэрныя ўказкі. Штрафы за выкарыстаньне піратэхнікі падвысілі да 5000 лары (1800 даляраў) для фізычных асобаў і 15000 лары (5400 даляраў) — для арганізацый.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі чарговая ноч пратэстаў прайшла без разгону. Парлямэнцкія апазыцыйныя партыі аб’ядналіся

Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і апазыцыя ня лічаць прынятыя папраўкі легітымнымі.

Пратэсты ў Грузіі праходзяць з 28 лістапада. Яны пачаліся пасьля таго, як прэм’ер-міністар Іраклі Кабахідзэ заявіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ да 2028 году.

Падчас акцыяў затрымалі больш за 400 чалавек, заявіў намесьнік кіраўніка МУС Грузіі Аляксандар Дарахвэлідзэ. Ён удакладніў, што 30 чалавек прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, у дачыненьні да 372 грамадзянаў завялі адміністрацыйныя справы.