Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус, якога затрымлівалі падчас пратэстаў у Грузіі, зьехаў у Літву


Яўген Муравіцкі пасьля затрыманьня ў Тбілісі, 2 сьнежня 2024 году
Яўген Муравіцкі пасьля затрыманьня ў Тбілісі, 2 сьнежня 2024 году

Грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі, якога затрымалі ў канцы лістапада падчас пратэстаў у Тбілісі, але пасьля вызвалілі, 7 сьнежня вылецеў з грузінскай сталіцы ў Вільню, паведаміў «Позірку» праваабаронца Раман Кісляк, які суправаджаў маладога чалавека.

«Паводле парады праваабаронцаў ён эвакуаваўся з Грузіі», — сказаў Кісьляк

25-гадовага Яўгена Муравіцкага затрымалі падчас пратэстаў у Тбілісі ранкам 30 лістапада. Два дні ён правёў у ізалятары. На яго склалі адміністрацыйны пратакол за нібыта «абразу паліцэйскага». Сам Яўген аспрэчваў, што абражаў праваахоўнікаў. Хлопца выпусьцілі з ізалятара праз два дні.

Пасьля вызваленьня Муравіцкага выклікалі на размову ў Дэпартамэнт міграцыі ў Тбілісі 3 сьнежня. Размова доўжылася 5,5 гадзіны.

Як паведамляў Свабодзе 3 сьнежня праваабаронца Раман Кісьляк, Яўген Муравіцкі папрасіў міжнароднай абароны ў Дэпартамэнце міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі. Заяву спачатку не хацелі прымаць, але ўрэшце прынялі. Праваабаронца часткова прысутнічаў падчас гэтай размовы.

Раман Кісьляк таксама паведаміў, што Яўгена напярэдадні шукалі чацьвёра чалавек па месцы жыхарства. Хлопец не начаваў у сваёй кватэры дзеля бясьпекі.

«Была пагроза, што яго схопяць і вывезуць на мяжу з Расеяй... Хутчэй за ўсё, гэта былі або паліцэйскія, або служба бясьпекі. Яны суседзям не прадстаўляліся. Там іх было чацьвёра. З маёй практыкі гэта азначае затрыманьне. Каб кагосьці апытаць, нешта высьветліць, чатыры чалавекі не патрэбныя», — мяркуе праваабаронца.

28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў, што грузінскі бок прыпыняе перамовы аб уступленьні краіны ў Эўразьвяз да 2028 году. Гэта выклікала масавыя пратэсты, якія працягваюцца ўжо пяцёра сутак ня толькі ў Тбілісі, але і ў іншых гарадах Грузіі. Паводле афіцыйных ацэнак, падчас пратэстаў было затрымана каля 200 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG