Газэта The Washington Post папрасіла прэзыдэнта амэрыканскай рады па спартовай псыхіятрыі, доктара мэдыцыны Брука Шуле падзяліцца з чытачамі парадамі, як перажыць сьвяты і перамагчы сэзонны стрэс.
Доктар расказаў, што ў 2023 годзе апытаньне паказала, што 35% дарослых амэрыканцаў палічылі сьвяты адносна стрэсавым часам, а 14% сказалі, што зімовыя сьвяты для іх — вельмі стрэсавыя.
На думку Брука Шуле, пэўная ступень сьвяточнага стрэсу непазьбежная, але мы павінны ведаць спосабы, як з тым стрэсам змагацца. Мы ня можам кантраляваць паводзіны або думкі іншых людзей, але можам кантраляваць сваю падрыхтоўку да сьвятаў і свае рэакцыі на вонкавыя раздражняльнікі.
Вось некалькі парадаў доктара Шуле:
Усталюйце межы загадзя
Галоўная праблема ў сьвяты — адчуваньне ціску ад жаданьня зрабіць усіх шчасьлівымі. Гэта часта прыводзіць да перагрузак і падвышэньня трывожнасьці. Устаноўка межаў не азначае пазьбяганьне людзей, якія вам дарагія, або сацыяльных абавязаньняў — гэта проста рашэньне аб тым, колькі вы можаце і хочаце вытрымаць у рэальнасьці.
Знайдзіце час для абдумваньня, што менавіта зробіць вас шчасьлівымі. Нармальна сказаць, што вы ня можаце наведаць мерапрыемства, або ветліва адпрасіцца са сходу крыху раней. Усталяваньне межаў загадзя дазволіць вам атрымліваць асалоду ад зімовага сэзону і не адчуваць сябе прыгнечаным.
Заплянуйце мікраперапынкі для аднаўленьня
Выкананьне ўсіх абавязкаў і традыцый можа стаць невыносным і пазбавіць вас радасьці ад сьвятаў. Паспрабуйце рабіць мікраперапынкі на працягу кожнага дня. Гэтыя кароткія паўзы дазволяць вам падсілкавацца, каб вы маглі быць цалкам сканцэнтраванымі ў часе кантактаў зь іншымі людзьмі.
Вось некаторыя прыклады: кароткі шпацыр, званок сябру ці сваяку, пошук ціхага месца, каб пачытаць ці паглядзець фрагмэнт нейкай перадачы. Перапынак можа доўжыцца ўсяго некалькі хвілін, але гэты невялікі момант можа адыграць вялікую ролю, дапамагаючы вам цьвёрда стаяць на зямлі сярод сьвяточнага хаосу.
Разьмяркуйце ролі загадзя
Сьвяты нярэдка суправаджаюць хаос на кухні і беганіна ў апошні момант па прадукты ў краму. Напружаньне часта можа ўзьнікаць ад блытаніны, хто за што адказвае.
Выразна разьмяркуйце ролі задоўга да сьвятаў. Што б гэта не было — гатаваньне ежы, пакупкі або прыём гасьцей — пагаварыце зь сям’ёй і сябрамі загадзя і дэлегуйце паўнамоцтвы там, дзе гэта магчыма. Гэта дапаможа пазьбегнуць непаразуменьняў і створыць расслабленую абстаноўку.
Разумна рэагуйце на канфлікты
Нават зрабіўшы ўсе папераджальныя захады, мы ўсё роўна можам апынуцца ў цэнтры напружанай размовы ці эмацыйна зараджанай сытуацыі. Вось некалькі парадаў, якія дапамогуць вам кіраваць сваімі эмоцыямі ў той ці іншы канкрэтны момант:
Рабіце паўзы
У напружаныя моманты можа ўзьнікнуць жаданьне хутка адрэагаваць. Паўза дазваляе нам рэагаваць абдумана, а не імпульсіўна. Паўза прадухіляе далейшую эскаляцыю і дапамагае нам захоўваць кантроль над сваімі эмоцыямі.
Зьмяніце тэму
Калі вам не падабаецца, як хтосьці гаворыць на пэўную тэму, зьвязаную, напрыклад, з вашай сям’ёй, палітыкай ці працай, мякка перавядзіце размову на больш нэўтральную тэму. Напрыклад, вы можаце пагаварыць пра нейкую са сваіх улюбёных калядных традыцый або пра пляны на наступны год. Калі іншы чалавек працягвае ісьці па канфліктным шляху, ветліва адыдзіце ўбок.
Практыкуйце эмпатыю
Многія сацыяльныя сытуацыі, якія ўзьнікаюць падчас сьвятаў ці ў іншую пару году, могуць суправаджацца спрэчкамі і рознагалосьсямі. Прызнаньне пункту гледжаньня іншага чалавека можа дапамагчы зьняць напружаньне ў крытычныя моманты. Прыдумайце дэвіз, які можна выкарыстоўваць у складаных размовах, напрыклад: «Я разумею, адкуль вы, і гэта нармальна, што ў нас розныя меркаваньні».
Пераасэнсуйце свае чаканьні
Мы жывем у сьвеце, на які ўплываюць сацыяльныя сеткі, дзе часта публікуюцца ідэалізаваныя фатаграфіі і відэа радасьці, яднаньня і матэрыяльных празьмернасьцяў. Лёгка адчуць ціск і жаданьня стварыць ідэальны сьвяточныя ўмовы для сваёй сям’і і сяброў таксама.
Але трэба ўлічваць, што «ідэал» у кожнага выглядае па-рознаму. Для аднаго чалавека ідэальным сьвяточным пунктам можа быць ежа на вынас або па дастаўцы, каб пазьбегнуць стрэсу пры прыёме на вячэру вялікай групы людзей. Для іншага ідэалам можа азначаць правядзеньне дня толькі з найбліжэйшымі сваякамі, пазьбягаючы клопату, які можа зьявіцца пры сустрэчы з больш шырокім колам сваякоў. Пераасэнсаваньне гэтага можа аблегчыць ціск, які мы навязваем самі сабе, і які падсілкоўвае стрэс ад сьвяточных дзён.
Трэба засяроджвацца на прыемным сьвяточным сэзоне так, як зручна вам. І памятайце, што прыярытэт вашага спакою і дабрабыту не эгаістычны. Гэта неабходны крок на шляху да таго, каб праявіць сябе з найлепшага боку перад сабой і сваімі блізкімі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды гарачы душ шкодны для валасоў і скуры