Усе мы ведаем, што гарачы душ расслабляе. Лічыцца, што ён можа супакоіць боль у цягліцах і суставах, палепшае настрой і дапамагае лягчэй засынаць. Але ня ўсё так проста, аказваецца шмат што залежыць ад тэмпэратуры вады. Газэта The New York Times сабрала меркаваньні экспэртаў.
Што гавораць дасьледаваньні
Большасьць дэрматолягаў сыходзяцца на думцы, што пякучы, вельмі гарачы душ можа высушваць валасы і скуру.
«У цёплага душа або ванны ёсьць свае перавагі, таму я ня скідваю гэта з рахункаў. Але ніводная з гэтых пераваг ня тычыцца нашай скуры», — сказала выданьню дацэнт дэрматалёгіі з Чыкаскага ўнівэрсытэту Вікторыя Барбоза.
Дасьледаваньняў уплыву гарачай вады на скуру і валасы чалавека было праведзена ня так шмат, але большасьць экспэртаў сыходзяцца ў меркаваньні, што пякучы душ можа змываць алей і іншыя рэчывы на скуры, якія падтрымліваюць яе вільготнасьць.
Паводле экспэртаў, лепш прымаць цёплы душ.
«Гарачая ванна ці душ павінны быць задавальненьнем, а не штодзённым заняткам», — кажа доктарка Барбоза.
Што гарачая вада робіць са скурай
Калі мова заходзіць пра ўплыў гарачых ваннаў на здароўе скуры, дасьледаваньні ў асноўным канцэнтруюцца на выкарыстаньні ачышчальных сродкаў. А дасьледаваньняў, якія вывучаюць менавіта ўплыў тэмпэратуры вады, ня так шмат, кажа дацэнт дэрматалёгіі зь Мічыганскай мэдычнай школы Блэр Джэнкінс. Дэрматолягі мяркуюць, што гарачая вада, асабліва ў спалучэньні з мылам, якое ўтрымлівае араматызатары і агрэсіўныя інгрэдыенты, можа пашкодзіць вонкавы пласт скуры, вядомы як скурны бар’ер.
Скурны бар’ер складаецца зь мёртвых клетак скуры. Вакол гэтых клетак знаходзіцца шчыльная матрыца тлустых рэчываў, якія называюць ліпідамі, кажа дэрматоляг з Бостана доктарка Паола Бэйкер, якая дасьледавала функцыю скурнага бар’ера. У складзе ліпідаў — цэраміды, тлустыя кіслоты і халестэрын. Ліпіды дапамагаюць утрымліваць вільгаць у скуры і абараняць яе ад раздражняльнікаў навакольнага асяродзьдзя і алергенаў.
Па-над скурным бар’ерам знаходзіцца тонкі пласт, які называецца кіслотнай мантыяй. Ён складаецца з амінакіслот, а таксама кіслот, якія зьмяшчаюцца ў поце, і скурнага сала — алеістага рэчыва, якое ўтрымлівае вільгаць і вылучаецца з залоз побач з валасянымі фалікуламі. Гэты пласт дапамагае падтрымліваць трываласьць скурнага бар’ера і абараняе яго ад шкодных бактэрый, кажа доктарка Бэйкер.
Калі чалавек прымае гарачы душ, частка скурнага сала можа вымывацца, што прыводзіць да сухасьці скуры. Шчыльна зьвязаныя ліпіды ў скурным бар’еры могуць «страціць сваю арганізаваную структуру», што робіць скурны бар’ер больш пранікальным і дазваляе вільгаці лягчэй выходзіць са скуры, кажа аўтар апублікаванага ў 2022 годзе дасьледаваньня, у якім вывучаўся ўплыў гарачай вады на скуру, дэрматоляг з унівэрсытэцкага шпіталя ў гішпанскай Гранадзе Трынідад Мантэра-Вільчэс.
Яго дасьледаваньне паказала, што калі дарослыя людзі апускалі рукі ў гарачую і халодную ваду, то ў першым выпадку вада наносіла большую шкоду: яна прымушала скуру губляць больш вільгаці, аслабляла скурны бар’ер і прыводзіла да пачырваненьня. Таксама яна падвышала ўзровень pH скуры, што парушае скурны бар’ер і павялічвае страту вільгаці.
Гарачая вада можа зрабіць скуру сьцягнутай, а яе колер больш цёмным.
Што гарачая вада робіць з валасамі
Падобна свайму ўзьдзеяньню на скуру, гарачая вада можа зрабіць валасы сухімі, выдаляючы са скуры галавы скурны тлушч. Дасьледаваньняў, якія вывучаюць гэтае пытаньне, таксама пакуль праведзена вельмі мала.
Залозы, якія выдзяляюць скурны тлушч, знаходзяцца практычна на ўсёй скуры чалавека, у тым ліку на твары і галаве, кажа дацэнт дэрматалёгіі з Арызоны Эліка Гос. Пасьля таго, як залоза на галаве вылучае скурны тлушч, алеістае рэчыва пакрывае вонкавы пласт валасоў. А іх мыцьцё гарачай вадой выдаляе частку скурнага тлушчу і, паводле доктаркі Гос, пазбаўляе валасы ад «таго, што іх абараняе і ўвільгатняе»
Калі пацыенты кажуць доктарцы Джэнкінс, што іх валасы сухія і ломкія, яна пытаецца ў іх, як часта яны прымаюць душ, і раіць унесьці зьмены, якія могуць прынесьці карысьць — браць душ радзей.
Найлепшыя спосабы захаваць скуру і валасы здаровымі:
- Калі ў вас валасы і скура не сухія і вы ня маеце такіх хваробаў, як экзэма ці псарыяз, вы можаце спакойна прымаць гарачы душ адзін ці два разы на тыдзень. Калі ж валасы і скура тлустыя, то можна атрымліваць асалоду ад гарачага душа і часьцей, кажа доктарка Джэнкінс.
- Агулам лекары раяць прымаць цёплы, а не гарачы душ, і рабіць яго кароткім. У ідэале, паводле прафэсара дэрматалёгіі ў Ейльскай школе мэдыцыны Брытані Крэйглоў, душ павінен доўжыцца ад пяці да дзесяці хвілін.
- Трэба выкарыстоўваць мяккія ачышчальныя сродкі. Некаторыя ачышчальныя сродкі і шампуні ўтрымліваюць раздражняльныя мыйныя рэчывы, такія як лаўрылсульфат натрыю, і могуць аслабіць скурны бар’ер.
- Замест таго, каб мыць валасы кожны дзень, можна мыць іх шампунем толькі пры неабходнасьці, напрыклад, пасьля заняткаў спортам або калі валасы сталі вельмі тлустымі.
- Не забывайце ўвільгатняць скуру, пакуль яна яшчэ вільготная пасьля купаньня, раіць доктарка Барбоза. Лепш выбіраць мазі ці крэмы, якія ўвільгатняюць лепш, чым ласьёны. Таксама варта чытаць этыкеткі і шукаць мыйныя сродкі, дзе ў складзе ёсьць інгрэдыенты, якія ўвільгатняюць скуру — кераміды, гліцэрына або вазэлін.
Форум