У Грузіі першая беларуская сям’я вычарпала судовыя варыянты абскарджваньня адмовы ў прытулку

Сьцяг Грузіі

Апэляцыйны суд у Тбілісі не задаволіў скаргі беларускай сям’і на адмову ў палітычным прытулку і гуманітарным статусе ў Грузіі. Гэта першая вядомая праваабаронцам справа, калі беларусы вычарпалі ўсе магчымыя варыянты абскарджваньня ў краіне, паведаміў «Позірку» беларускі праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле яго, размова ідзе пра жанчыну, яе партнэра і дзіця, імёны не раскрываюцца зь меркаваньняў бясьпекі.

Жанчына паведаміла Раману Кісьляку, што прыехала ў Грузію з партнэрам у 2019 годзе. У жніўні 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, яна звярнулася да грузінскіх уладаў з просьбай даць прытулак. У лістападзе таго ж года ў яе нарадзілася дзіця.
Беларуска таксама сказала, што ўдзельнічала ў Батумі ў акцыях пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, зьяўляецца сябрам грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская дыяспара Аджарыі».

У лютым 2022 году ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку ёй і партнэру, у сакавіку — дзіцяці. У траўні таго ж года яны абскардзілі гэтае рашэньне, і да сьнежня 2024 году справа разглядалася ў Тбіліскім гарадзкім і апэляцыйным судах. Рашэньні суду першай інстанцыі некалькі разоў скасоўваў апэляцыйны і накіроўваў справу на новы разгляд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета за тры месяцы 25 беларусам адмовілі ў прытулку ў Грузіі. За 5 гадоў абароны папрасілі 73 беларусы

Тым, каму адмоўлена ў абароне, даецца месяц на тое, каб пакінуць Грузію, калі няма іншай прававой падставы для знаходжаньня на яе тэрыторыі. Цяпер сям’я вырашае, што рабіць.

«Пакуль усім без выключэньня беларусам адмаўляюць у прытулку як у МУС, так і ў судах. Беларусы выключаныя зь міжнароднай абароны ў Грузіі», — заявіў Кісьляк.

Ён паведаміў, што на працягу наступных 6 месяцаў у Тбіліскім гарадзкім судзе пачнецца разгляд яшчэ як мінімум 20 справаў аб адмове беларусам у атрыманьні абароны.

З 2019 году да канца трэцяга квартала 2024-га па абарону ў Грузіі звярнуліся 73 грамадзяніны Беларусі, адмову ўжо атрымаў 31 просьбіт. Раман Кісьляк таксама абскарджвае адмову ў абароне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Была пагроза, што вывезуць на мяжу з Расеяй». Беларус, якога затрымалі ў Грузіі, папрасіў пра міжнародную абарону
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Грузінскі журналіст і беларускі праваабаронца пра «сінія пальцы» на пратэстах у Грузіі