Вызваленьне 207 палітвязьняў у межах 7 этапаў памілаваньня — гэта сыгнал, на які трэба адказаць каардынаванымі дзеяньнямі, каб працэс працягваўся, заявіла Тацяна Хоміч, яе словы цытуе афіцыйны тэлеграм-канал Віктара Бабарыкі.
Паводле яе, дыпляматычныя намаганьні і міжнародная падтрымка па вызваленьні палітвязьняў прыносяць вынік. На думку Хоміч, цяпер трэба:
- вітаць кожнае вызваленьне як важнае гуманітарнае дасягненьне;
- умацаваць дыпляматычныя намаганьні для далейшых вызваленьняў палітвязьняў і пошуку рашэньняў;
- выкарыстоўваць гнуткія і стратэгічныя падыходы — уключаючы магчымасьць паслабленьня санкцыяў, калі гэта дапаможа гуманітарным намаганьням.
У сваю чаргу дэмлідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго выступу ў Брусэлі падкрэсьліла неабходнасьць ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і «аднаўленьня справядлівасьці, прыцягненьня да адказнасьці ўсіх вінаватых». Пра гэта паведаміў «Позірку» яе галоўны дарадца Франак Вячорка.
«Хачу падкрэсьліць, што палітыка ціску можа ісьці поплеч з дыпляматычнымі намаганьнямі па вызваленьні палітвязьняў ужо зараз. Мы шукаем усе магчымыя шляхі для вызваленьня нашых герояў з турмаў, і мы вітаем вызваленьні людзей, якія мы бачылі ў апошні час», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.
Cёлета ў кастрычніку прапагандыст Юры Васкрасенскі заяўляў, што далейшыя памілаваньні немагчымыя бяз «плюшак»: «Такіх „тлустых зьняволеных“ будуць мяняць на „тлустыя прапановы“. Напрыклад, адкрыцьцё паветранай прасторы, зьняцьце санкцыяў з прамысловых прадпрыемстваў. Мы чакалі плюшку. Плюшак няма — вызваленьні больш не разглядаюцца», — заявіў ён.
У жніўні праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляў, што Юры Васкрасенскі тэлефануе сваякам беларускіх палітвязьняў з мэтай «прымусіць пісаць прашэньні аб памілаваньні» на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якіх павінны неадкладна вызваліць. Туды ўвайшлі 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 — зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абодва бацькоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацька палітзьняволенай Калесьнікавай заявіў, што яна разглядае магчымасьць напісаньня прашэньня аб памілаваньні ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў яшчэ 29 палітвязьняў