Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка памілаваў яшчэ 29 палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 29 чалавек, асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў.

Сярод памілаваных 11 жанчын і 18 мужчын.

15 зь іх маюць хранічныя захворваньні, двое маюць інваліднасьць, трое — пэнсіянэры, 6 памілаваных маладзейшыя за 25 гадоў.

«Усе яны прызналі віну, раскаяліся ў зробленым і хадайнічалі аб памілаваньні», — заяўляе прэс-служба Лукашэнкі.

Гэта ўжо сёмае памілаваньне палітвязьняў за апошнія месяцы. Да гэтага Аляксандар Лукашэнка ў 2024 годзе агулам памілаваў 175 палітвязьняў:

  • 7 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 палітвязьня, асуджанага паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў: 2 жанчыны і 29 мужчын.
  • 16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, які адзначаецца 17 верасьня, Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 чалавек, асуджаных за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці».
  • 4 верасьня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў. Сярод іх 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
  • 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 чалавек, асуджаных за «злачынствы пратэставай накіраванасьці». У іх ліку — 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
  • 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Гэта былі 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на рак экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Па стане на 9 сьнежня за кратамі ў Беларусі застаюцца 1283 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай. Агулам жа зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі амаль 3600 чалавек (зь іх 656 жанчын). Многія зь іх ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакараньне.

Пры гэтым у Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманьні, арышты і суды паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў; людзей судзяць як паводле адміністрацыйных спраў, так і паводле крымінальных абвінавачаньняў, сярод іншага, прысуджаючы ім тэрміны ў калёніі.

Пасьля абвяшчэньня даты новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рэпрэсіі ў краіне ўзмацніліся: з канца кастрычніка беларускія праваабаронцы фіксуюць масавыя затрыманьні па ўсёй краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG