«Люстэрка» пагутарыла зь ім аб пырярытэтах ягонай працы, складанасьцях візавага рэжыму, сытуацыю з палітвязьнямі і пагрозах з боку ўладаў у Менску.
Адам Галаціньскі падкрэсьліў, што ягоная новая роля ўключае ўзаемадзеяньне з шырокім колам дэмакратычных сіл Беларусі. Паводле яго, існаваньне такой пасады ў польскім МЗС — гэта ня толькі палітычны жэст, але і спосаб інстытуцыяналізаваць супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Пры гэтым ён адзначыў, што Польшча не адзіная дзяржава, дзе ёсьць такія прадстаўнікі: аналягічныя пасады створаныя ў Літве, Украіне, Швэцыі і іншых краінах.
Гаворачы аб хвалях памілаваньняў палітзьняволеных у Беларусі, Галаціньскі заявіў, што не ўспрымае іх як сыгналы, якія патрабуюць аналізу. На ягоную думку, беларускія ўлады імкнуцца правакаваць дыскусіі вакол гэтых дзеяньняў, аднак Польшча, як і многія іншыя краіны, прытрымліваецца выразнай пазыцыі: вызваліць павінны ўсіх палітычных зьняволеных.
Дыплямат падкрэсьліў, што інтэрпрэтацыя адзінкавых выпадкаў памілаваньня не павінна адцягваць увагу ад галоўнай мэты — поўнага вызваленьня ўсіх вязьняў сумленьня.
У адказ на прапагандысцкі фільм, нядаўна паказаны беларускай дзяржаўнай тэлевізіяй, дзе фігуравалі польскія грамадзяне, якія знаходзяцца ў турме, Галаціньскі адзначыў, што польскі бок не збіраецца надаваць значнасьць падобным правакацыям. Ён таксама выказаў занепакоенасьць сытуацыяй зь беларускім журналістам і палітычным зьняволеным Анджэем Пачобутам, але адмовіўся раскрываць дэталі таго, як Польшча намагаецца яго вызваліць, назваўшы гэтае пытаньне занадта далікатным для публічных абмеркаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены журналіст Анджэй Пачобут — сярод прызэраў польскага конкурсу Grand PressАдам Галаціньскі спыніўся таксама на тэме візавага рэжыму для беларусаў. На пытаньне, калі атрыманьне польскай візы для грамадзянаў Беларусі перастане быць складаным і дарагім выпрабаваньнем, ён адказаў:
«Атрыманьне візы паводле азначэньня ня можа быць нечым штодзённым. Палякі таксама адчувалі гэта на працягу многіх гадоў, калі сутыкаліся з эўрапейскімі цяжкасьцямі ў адносінах да візавых працэсаў. Але мне здаецца вельмі суровай ваша ацэнка працэсу атрыманьня польскай візы беларускімі грамадзянамі як складанага выпрабаваньня.
У кожнай краіне ёсць візавыя працэдуры. У выпадку з Польшчай яны таксама неабходныя ў сувязі з нашым сяброўствам у Шэнгенскай зоне. Важна, каб кожная заява разглядалася індывідуальна».
Ён заявіў, што Польшча прыкладае ўсе намаганьні, каб аблегчыць працэс атрыманьня візаў, нягледзячы на складанасьці, зьвязаныя з выкананьнем правілаў Шэнгенскай зоны.
Галаціньскі таксама зьвярнуў увагу на значную колькасьць беларусаў, якія знайшлі другі дом у Польшчы. На сёньняшні дзень каля 140 тысяч грамадзян Беларусі маюць права на часовае ці пастаяннае пражываньне ў краіне.
Гаворачы аб выбарах 2025 году ў Беларусі, Галаціньскі выказаў скептыцызм адносна іх дэмакратычнасьці. Паводле яго, адмова беларускіх уладаў запрашаць міжнародных назіральнікаў — гэта яшчэ адно пацьверджаньне таго, што выбары не адпавядаюць стандартам.
Галаціньскі пракамэнтаваў паведамленьні аб магчымым размяшчэньні ў Беларусі расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік». Ён зазначыў, што падобныя дзеяньні зьяўляюцца часткай агульнай агрэсіўнай палітыкі Расеі пры падтрымцы беларускіх уладаў. На думку дыплямата, такая палітыка ідзе ўразрэз з воляй беларускага народу, які, як і палякі, хоча міру, а не мілітарызацыі рэгіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы прызначыла новага ўпаўнаважанага ў супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі