Аляксей Ляшкевіч быў начальнікам асабістай аховы Лукашэнкі. Менавіта ён суправаджаў палітыка, калі той з аўтаматам у руках выходзіў да сілавікоў каля палаца Незалежнасьці ў час пратэстаў 2020 году ў Менску. Але ў пачатку 2024 году Ляшкевіч раптоўна зьнік. Высьветлілася, што цяпер ён працуе ў «Беларусбанку», піша «Люстэрка».
Ляшкевіча можа бачыць на фота замежных паездак Лукашэнкі ў другой палове 2023 году, напрыклад у Экватарыяльную Гвінэю, ААЭ, Кіргізстан і Расею. Як правіла, Ляшкевіч быў апрануты ў дзелавы гарнітур і выглядаў як удзельнік дэлегацыі.
Цяпер, як высьветліла выданьне, былы кіраўнік аховы працуе выканаўчым дырэктарам «Беларусбанку». Як паведаміла знаёмая з сытуацыяй крыніца, былы ахоўнік пачаў працаваць у банку прыкладна ў пачатку 2024 году. У «Беларусбанку» ёсьць карпаратыўны сайт, на якім звычайна паведамляюць аб новых пэрсонах на кіроўных пасадах. Аднак навіны аб прызначэньні Ляшкевіча там не было.
«Аб яго прызначэньні калектыў першапачаткова даведаўся з унутранага тэлефоннага даведніка, — расказаў суразмоўца. — Ужо пасьля ва ўсе ўстановы быў разасланы загад аб яго прызначэньні. У адпаведнасьці зь ім, ён павінен быць куратарам у тым ліку дэпартамэнту бясьпекі, які ўключае ўпраўленьне ўнутранай бясьпекі».
Пры гэтым суразмоўца адзначае, што раней такой пасады ў банку наагул не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: Новы намесьнік кіраўніка спраў Лукашэнкі ў 2008 годзе праходзіў абвінавачаным па крымінальнай справеПры гэтым, як высьветліла ініцыятыва BelPolm, 49-гадовы Ляшкевіч раней ужо працаваў у банку, да 2006 году, пакуль ня трапіў у ахову Лукашэнкі (ён працаваў у «Прыёрбанку»). Але ягоная былая пасада невядомая.
Жонка былога галоўнага ахоўніка Лукашэнкі, Ганна Гарбакова, працуе ў беларускім аддзяленьні расейскага банку «Хоўм Крэдыт». У лістападзе 2023 году гэты банк трапіў пад санкцыі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтамат, зь якім Лукашэнка бегаў па Палацы незалежнасьці, трапіў у «экспазыцыю» пра жнівень-2020