Многія зь іх правялі за кратамі гады і нават дзесяцігодзьдзі. Турма мае рэпутацыю катавальні, праваабарончая арганізацыя Amnesty International апісваў яе як «чалавечую бойню».
Турму аглядаюць у пошуках патаемных памяшканьняў, дзе таксама могуць знаходзіцца зьняволеныя. Адчыніць некаторыя камэры не ўдалося, дзьверы спрабуюць узламаць пры дапамозе кувалдаў і дамкратаў.
Сярод вызваленых ёсьць людзі, якія ў дакумэнтах лічыліся пакаранымі або зьніклымі бязь вестак, а таксама дзеці, народжаныя ў турме, піша Associated Press.
Многія сырыйцы прыходзяць да турмаў у надзеі адшукаць сваіх блізкіх, раней выкрадзеных спэцслужбамі Асада.
Сярод іх можа быць амэрыканскі журналіст Остын Тайс, які 12 гадоў таму быў асуджаны ў Сырыі на турэмнае зьняволеньне, і з таго часу інфармацыі пра яго не было. ФБР аб’явіла, што выплаціць узнагароду ў 1 мільён даляраў за інфармацыю, якая дапаможа знайсьці Тайса і вярнуць яго дадому.
Абстаноўка на вуліцах сырыйскіх гарадоў у цэлым спакойная, СМІ паведамляюць пра некалькіх выпадкаў лякальных беспарадкаў.
Аднак у гарадах выстройваюцца чэргі па хлеб і іншыя харчы, паколькі большасьць крамаў на час паўстаньня закрылася.
Цэнтральны банк Сырыі паведаміў, што яго аддзяленьні, а таксама аддзяленьні камэрцыйных банкаў, з аўторка адновяць працу ў звычайным рэжыме.
На КПП на межах Сырыі, найперш з Турэччынай і Лібанам, у панядзелак назіраліся чэргі з сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца на радзіму. Адзначаўся і зваротны паток з сырыйцаў, якія пакідаюць краіну, баючыся беспарадкаў. Пакуль ён невялікі, аднак кіраўнік МУС Лібана Басам Маўлаві запатрабаваў прыняць неадкладныя захады, каб не дапусьціць незаконнага перасячэньня мяжы.
Ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ), якая адыгрывае вядучую ролю ў паўстаньні супраць Асада, зрабіла ў панядзелак шэраг заяў. Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, абвясьціўшы для іх амністыю.
Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
Паўстанцы таксама заявілі, што жанчыны Сырыі будуць мець права самі вырашаць, як ім апранацца і чым займацца ў жыцьці. Яны назвалі непрымальным увядзеньне якой-небудзь паліцыі нораваў.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.