У ноч на 9 сьнежня ў Тбілісі прайшла чарговая акцыя пратэсту супраць адмовы ўладаў ад эўраінтэграцыі.
Як паведаміла выданьне NewsGeorgia, на вуліцах паліцыі было мала, на некаторы час зьявіліся вадамёты, але іх не выкарыстоўвалі.
Улады таксама не выкарыстоўвалі сілу для разгону пратэстоўцаў, якія пасьля дзьвюх гадзін ночы пачалі разыходзіцца самі.
Пасьля сэрыі нападаў на актывістаў на акцыі абвясьцілі аб стварэньні атрадаў патруляваньня. Акцыя праходзіла каля часткова сабранай уладамі навагодняй ялінкі, якую пратэстоўцы «ўпрыгожылі» фатаздымкамі дзясяткаў пабітых паліцыянтамі ўдзельнікаў пратэстаў, а наверсе разьмясьцілі чатырыя вялікія сьцягі — Грузіі, Украіны, Эўразьвязу і ЗША.
Сілавыя органы не затрымалі ніводнага чалавека за напады на ўдзельнікаў пратэстаў. Каля парлямэнту зьявіўся надпіс «Каму тэлефанаваць, калі паліцыя забівае?».
Паводле інфармацыі праекту Радыё Свабода «Эхо Кавказа», удзельнікам пратэстаў звоняць невядомыя людзі і пагражаюць.
«Сказалі, што прывязуць дадому са зламанымі касьцьмі», — паведаміў Ільля Глонці, адзін з заснавальнікаў групы «Даітовэ», што займаецца арганізацыяй акцый у Тбілісі.
Аналягічныя пагрозы атрымаў і сябар «Кааліцыі за перамены» Вано Гамурашвілі.
«Мне патэлефанавалі і запыталі, дзе я. Потым мяне пачалі абражаць і сказалі, што абавязкова знойдуць і паб’юць, а потым адключыліся», — сказаў Грузінскай службе Радыё Свабода Вано Гамурашвілі.
Зь невядомых нумароў тэлефанавалі і журналістцы тэлеканалу «Мтавары», але Эка Квэсітадзэ вырашыла не адказваць на званкі зь невядомых нумароў.
Аналягічная практыка тэлефонных запалохваньняў выкарыстоўвалася і ў траўні 2024 году, калі тысячы грамадзян пратэставалі супраць закону аб «іншаземных агентах». Тады Служба абароны пэрсанальных зьвестак пачала вывучаць справу і накіравала яе на расьсьледаваньне ў пракуратуру, але далейшы яе лёс невядомы.
Тады апазыцыя і грамадзянскі сэктар абвінавацілі ў гэтых пагрозах урад, бо пэрсанальныя зьвесткі захоўваліся менавіта ў дзяржаўных органах і бязь іх не маглі трапіць у рукі іншых асобаў.
28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з ЭЗ і адмове ад грантаў Эўразьвязу да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году. Рашэньне ўладаў выклікала масавыя пратэсты перад будынкам парлямэнту ў Тбілісі. Дэманстранты спрабавалі ўзьвесьці барыкады, пачаліся сутычкі з паліцыяй. Для разгону пратэстоўцаў паліцыя ўжывала вадамёты і сьлезацечны газ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларус, якога затрымлівалі падчас пратэстаў у Грузіі, зьехаў у ЛітвуПасьля парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку, на якіх кіроўная партыя «Грузінская мара» набрала 54% галасоў, апазыцыя і заходнія ўрады заявілі, што галасаваньне было азмрочанае парушэньнямі і расейскім уплывам.
Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што лічыць парлямэнт нелегітымным і застанецца на сваёй пасадзе да выбраньня новага парлямэнту. Выбары прэзыдэнта ў Грузіі прызначылі на 14 сьнежня.
4 сьнежня стала вядома аб ператрусах у офісах апазыцыйных партый і затрыманьні іх лідэраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі лідэра кааліцыі «За перамены» арыштавалі на 12 дзён