«Разьмяшчэнне ракет „Арэшнік“ у Беларусі істотна не павялічвае непасрэдныя рызыкі ўдараў балістычнымі ракетамі сярэдняй далёкасьці па Ўкраіне або дзяржавам NATO, нягледзячы на ўзмацненьне бразгату ядзернай зброі Крамля», — такое меркаваньне выказваецца ў зводцы амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) ад 6 сьнежня.
ISW паўтарае сваю ацэнку, што «пастаяннае выстаўленне Крамлём напаказ» сыстэмы «Арэшнік» наўрад ці сьведчыць пра зьяўленне прынцыпова новых расейскіх магчымасьцяў нанясеньня ўдараў далёкага дзеяньня.
У інстытуце адзначаюць, што расейскія вайскоўцы даўно маюць ядзерную зброю на мацерыковай частцы Расеі і ў Калінінградзкай вобласьці, здольную паражаць цэлі ва Ўкраіне і краінах NATO.
6 сьнежня на сустрэчы ў Менску Аляксандар Лукашэнка папрасіў Уладзіміра Пуціна разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі «новыя сыстэмы ўзбраеньня, і перш за ўсё „Арэшнік“».
Пуцін паабяцаў, што гэтыя запыты будуць задаволеныя. «Разьмяшчэньне такіх комплексаў магчымае, — заявіў ён. — Гэта стане магчымым у другой палове наступнага году».
Паводле ISW, Расея працягвае намаганьні па фактычнай анэксіі Беларусі — так ва ўстанове ацанілі падпісаньне дамовы аб гарантыях бясьпекі паміж Масквой і Менскам. У прыватнасьці, Пуцін заявіў, што новы дакумэнт прадугледжвае магчымасьць прымяненьня расейскай тактычнай ядзернай зброі, разьмешчанай у Беларусі, у выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
У той жа час, на думку аўтараў дакладу, Лукашэнка спрабуе захаваць сувэрэнітэт ад Масквы, выступаючы за тое, каб Менск кантраляваў расейскую зброю, размешчаную ў Беларусі. Аднак гэтыя намаганні «гістарычна цярпелі няўдачы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, а Пуцін паабяцаў разьмясьціць у Беларусі «Орешник» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч заявіў, што Лукашэнка мае «ядзерны чамаданчык» і «чырвоную кнопку». Раней Расея гэта абвяргала