Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, а Пуцін паабяцаў разьмясьціць у Беларусі «Орешник»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, якое за некалькі тыдняў да падпісаньня расейскія СМІ назвалі «знакавым», але ніякіх дэталяў яго зьместу не ўдакладнялі.

Подпісы пад дакумэнтам на пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савету ў Менску 6 сьнежня паставілі кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, перадае дзяржаўнае агенцтва БелТА.

«Размова ў тым ліку ідзе і пра расейскую тактычную ядзерную зброю, разьмешчаную на прапанову прэзыдэнта Беларусі на тэрыторыі беларускай рэспублікі», — цытуе БелТА Пуціна.

БелТА таксама паведамляе, што Лукашэнка папрасіў Пуціна разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі «новыя сыстэмы ўзбраеньня, і перш за ўсё „Орешник“». «Гэта супакоіла б некаторыя розумы», — цытуе агенцтва Лукашэнку.

Пуцін паабяцаў, што гэтыя запыты будуць задаволеныя, піша БелТА. «Разьмяшчэньне такіх комплексаў магчымае, — заявіў ён. — Гэта стане магчымым у другой палове наступнага году».

Пуцін таксама заявіў, што «Орешник» у Беларусі будзе ўваходзіць у комплекс расейскіх Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня, але вызначэньне цэляў будзе за Менскам, піша расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС.

Пагадненьне анансавалі з восені. Сёлета ў верасьні міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што падпісаньне гэтага дакумэнту прымеркавалі да 25-годзьдзя падпісаньня пагадненьня аб саюзнай дзяржаве.

«Да 25-годзьдзя падпісаньня пагадненьня аб саюзнай дзяржаве, якое будзем сьвяткаваць сёлета ў сьнежні, мы плянуем падпісаць з Расеяй міждзяржаўнае пагадненьне аб гарантыях бясьпекі дзьвюх краін, дзе будзе закладзены прынцып выкарыстаньня ядзернай зброі і звычайнага ўзбраеньня, а таксама мэтадаў абароны абедзьвюх краін, якія ўваходзяць у склад саюзнай дзяржавы», — заявіў Максім Рыжанкоў.

У кастрычніку амбасадар Расеі Барыс Грызлоў заявіў, што ў пагадненьне ўключаныя палажэньні, зьвязаныя з разьмяшчэньнем расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Зброя, сказаў дыплямат, зьяўляецца дзейным інструмэнтам ваеннага стрымліваньня магчымых актаў агрэсіі, а таксама папярэджаньня намераў праводзіць правакацыі на заходнім флянгу саюзнай дзяржавы.

Вядомы сваёй падтрымкай уладаў Беларусі экспэрт Яўген Прэйгерман паведаміў, што ініцыятарам падпісаньня такога пагадненьня выступіў беларускі бок, і патлумачыў прычыны гэтай ініцыятывы.

«Лёгіка беларускіх уладаў, падобна, ідэнтычная таму, што можна назіраць у паводзінах краін усходняга флянгу NATO, якія ніколі не прапускаюць нагоды настаяць на новых дакладна прапісаных абаронных абавязаньнях з боку ЗША і іншых хаўрусьнікаў», — патлумачыў ён.

Паводле яго, Беларусь разглядае гэтыя двухбаковыя гарантыі як пралёг да будучых шматбаковых гарантый, якія Менск хоча атрымаць пасьля завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны.

«Для беларускіх інтарэсаў крытычна, каб перамовы выйшлі за межы толькі спыненьня агню і закранулі некаторыя фундамэнтальныя пытаньні будучай сыстэмы эўрапейскай бясьпекі. Калі гэтага не адбудзецца, двухбаковыя гарантыі бясьпекі, якія Менск атрымлівае ад Расеі, могуць яшчэ больш умацаваць ваеннае разьмежаваньне ў Эўропе ў стылі „жалезнай заслоны“», — перакананы Яўген Прэйгерман.

Новыя расейскія базы і ўдзел беларусаў у вайне з Украінай?

Публічны прадстаўнік арганізацыі колішніх супрацоўнікаў беларускіх сілавых структур BelPol Мацьвей Купрэйчык 5 сьнежня ў Вашынгтоне на слуханьнях Камісіі ЗША па бясьпецы і супрацы ў Эўропе (Хэльсынская камісія) заявіў, што гэтае пагадненьне дазволіць Маскве разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі новыя вайсковыя базы і кантынгенты войскаў.

Апроч таго, паводле яго, пагадненьне прадугледжвае магчымасьць адпраўкі беларускіх грамадзян на вайну з Украінай «для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі», перадало выданьне «Позірк».

Як паведаміў Мацьвей Купрэйчык, у распараджэньні BelPol ёсьць мноства дакумэнтаў, якія даказваюць павелічэньне вайсковай падтрымкі Расеі рэжымам Лукашэнкі. Паводле яго, аб’ем паставак беларускага ВПК у 2023 годзе ў Расею склаў 422 мільёны даляраў, а за 8 месяцаў 2024 году — 459 мільёнаў даляраў.

Якія краіны падпісваюць пагадненьні аб гарантыях бясьпекі

Украіна пасьля пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое пачалося пры падтрымцы кіраўніцтва Беларусі і зь беларускай тэрыторыі, актыўна падпісвае з заходнімі краінамі двухбаковыя пагадненьні аб гарантыях бясьпекі. Цяпер падпісана больш за 20 такіх двухбаковых пагадненьняў.

Сёлета ў чэрвені такі ж дакумэнт падпісалі прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны Джо Байдэн і Ўладзімір Зяленскі.

Тады бакі заявілі, што падпісаная дамова павінна стаць крокам на шляху да будучага сяброўства Ўкраіны ў NATO і пацьвярджае падтрымку ЗША ў абароне ўкраінскага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці.

«Для гарантаваньня бясьпекі Ўкраіны абодва бакі прызнаюць, што Ўкраіна патрабуе значнай вайсковай сілы, моцнага патэнцыялу і сталых інвэстыцый у сваю абаронна-прамысловую базу, якія б адпавядалі стандартам Паўночнаатлянтычнага альянсу», — адзначаецца ў двухбаковым дакумэнце.

Пагадненьне замацавала намер ЗША надаваць доўгатэрміновую матэрыяльную, навучальную, тэхнічную, выведную, абаронна-прамысловую, інстытуцыйную і іншую падтрымку для «разьвіцьця ўкраінскіх сіл бясьпекі і абароны, здольных абараніць сувэрэнную, незалежную, дэмакратычную Ўкраіну і стрымаць будучую агрэсію»

У выпадку збройнага нападу на Ўкраіну або пагрозы такога нападу амэрыканскія і ўкраінскія адказныя асобы, згодна з дамовай, павінны цягам 24 гадзін правесьці сустрэчу, каб пракансультавацца і вызначыць, якой дадатковай абароннай дапамогі патрабуе Ўкраіна.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG