Сталі вядомыя падрабязнасьці тарыфаў роўмінгу паміж Беларусьсю і Расеяй

Ілюстрацыйнае фота.

Міністар сувязі Беларусі Канстанцін Шульган пасьля пасяджэньня Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы ў Менску 6 сьнежня расказаў журналістам пра новыя ўмовы роўмінгу паміж Беларусьсю і Расеяй, перадае БелТА.

Па выніках пасяджэньня бакі прынялі рэзалюцыю аб стварэньні камфортных тарыфаў для карыстаньня паслугамі сувязі і перадачы даных на тэрыторыі саюзнай дзяржавы. Новыя тарыфы маюць уступіць у сілу ад 1 сакавіка 2025 году.

Паводле слоў міністра, знойдзеныя ўмовы, якія забясьпечваюць роўныя правы для абанэнтаў Беларусі і Расеі. Напрыклад, калі тарыфны плян уключае бясплатныя 300 хвілін для званкоў у іншыя сеткі, то гэтыя ж хвіліны выкарыстоўваюцца і ў роўмінгу. Калі такіх хвілін не прадугледжана, кошт званка ў роўмінгу — 11 беларускіх капеек за хвіліну.

«Ня менш за 300 хвілін галасавых, зь якіх ня менш за 150 — выходнага трафіку і ня менш за 150 — уваходнага трафіку. Сярэдняе знаходжаньне ў роўмінгу — каля пяці дзён. Быў прааналізаваны партрэт абанэнта ў роўмінгу, і гэтыя хвіліны — гэта якраз тое, каб камфортна сябе адчуваць ва ўмовах знаходжаньня ў сетцы іншага апэратара», — сказаў Канстанцін Шульган.

Акрамя таго, у роўмінгу можна будзе выкарыстоўваць 5 гігабайтаў мабільнага інтэрнэт-трафіку на льготных умовах: 1 гігабайт абыдзецца ў 4 беларускія рублі.

Перамовы аб роўмінгу паміж дзьвюма краінамі вяліся не адзін год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падпісала з Расеяй пагадненьне аб гарантыях бясьпекі, а Пуцін паабяцаў разьмясьціць у Беларусі «Орешник»