Канстытуцыйны суд Румыніі ануляваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў

Марш у Бухарэсьце 5 сьнежня.

Канстытуцыйны суд Румыніі адмяніў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў і пастанавіў правесьці новыя выбары.

Як паведамляе Румынская служба Радыё Свабодная Эўропа (Europa Liberă), судзьдзі Канстытуцыйнага суду вынесьлі рашэньне ў пятніцу, за два дні да другога туру, хоць галасаваньне дыяспары ў іншых краінах ужо пачалося. Рашэньне канчатковае і ня можа быць абскарджана.

«Згодна з артыкулам 146 частка f) Канстытуцыі анулюецца ўвесь выбарчы працэс па выбарах прэзыдэнта Румыніі», — гаворыцца ў заяве, зь якой азнаёмілася Europa Liberă.

Увесь выбарчы працэс будзе паўтораны «цалкам» уладамі краіны ў новую дату, пра якую пазьней паведаміць выканаўчая ўлада.

Першы тур выбараў адбыўся 24 лістапада. Другі тур быў прызначаны на 8 сьнежня. У ім меліся ўдзельнічаць Кэлін Джаржэску (які ў першым туры набраў 22,94%) і Элена Лясконі (19,17%). Трэцяе месца ў першым туры заняў дзейны прэм’ер-міністар Марчэль Чаляку (19,14%).

Раней, у чацьвер, Канстытуцыйны суд Румыніі абвясьціў, што запыты, пададзеныя ў сувязі з адменай першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, павінны быць разгледжаныя ў працэсе прызнаньня выбараў сапраўднымі, маючы на ўвазе, што рашэньне будзе прынятае пасьля другога туру.

Напярэдадні ў Бухарэсьце перад другім турам прэзыдэнцкіх выбараў адбыўся праэўрапейскі марш, у якім узялі ўдзел ня менш за тры тысячы грамадзян.

Удзельнікі акцыі скандавалі «Свабода!» і «Эўропа!». Паводле арганізатараў акцыі, Румынія перажывае вырашальны момант пасьля таго, як рэвалюцыя 1989 году адкрыла шлях да свабоды і дэмакратыі.

Грамадзяне выйшлі на акцыю пасьля таго, як Рада нацыянальнай абароны Румыніі (CSAT) 4 сьнежня рассакрэціла дакумэнты, паводле якіх краіна была мішэньню «агрэсіўных гібрыдных дзеяньняў Расеі», якія прывялі да шокавай перамогі ў першым туры Кэліна Джарджэску, які лічыцца прарасейскім кандыдатам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі перад другім турам выбараў прэзыдэнта тысячы грамадзян выйшлі на праэўрапейскі марш
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рассакрэчаныя дакумэнты паказалі «агрэсіўныя гібрыдныя дзеяньні Расеі» на выбарах у Румыніі